Пошук

07.12.2023 15:51   Падрыхтаваў: Мікола Гракаў / Паводле: JasnaGóraNews / BP KEP / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: s6.tvp.pl

Урачыстасць Беззанннага Зачацця ў Нацыянальным Марыйным санктуарыі ў польскай Чэнстахове сёлета будзе мець асаблівы характар.

Як са спасылкай на прэс-службу санктуарыя паведамляецца на старонцы польскага епіскапату, 8 снежня прыпадае 70-я гадавіна з’яўлення Яснагорскага апэля — аднаго з найбольш важных у краіне Марыйных набажэнстваў.

Гэтая малітва, якая адбываецца штовечар а 9-й гадзіне ў інтэнцыі Касцёла і Бацькаўшчыны, збірае ў Чэнстахоўскім санктуарыі не толькі мясцовых жыхароў і пілігрымаў, але таксама людзей па ўсёй краіне і за мяжой, якія ўдзельнічаюць у ёй з дапамогай сродкаў масавай камунікацыі.

Як адзначаецца, 70-я гадавіна апэля будзе на Яснай Гары момантам вялікай падзякі. У базыліцы санктуарыя адбудзецца тэлеканцэрт пад назваю «Малітва пакаленняў» з прамой трансляцыяй. У той жа дзень на Яснай Гары адбудзецца прэзентацыя паштовай маркі, выпушчанай польскай поштай у гонар Яснагорскага апэля. Само набажэнства ў дзень круглай гадавіны правядзе ў яснагорскай капліцы перад цудадзейным абразом Маці Божай Чэнстахоўскай Прымас Польшчы арцыбіскуп Войцех Поляк.

Ідэя набажэнства апэля з’явілася 8 снежня 1953 года ў капліцы Маці Божай. Тады некалькі асоб на чале з тагачасным прыёрам яснагорскага кляштара айцоў паўлінаў разам маліліся аб вызваленні зняволенага камуністычнымі ўладамі Прымаса Польшчы кардынала Стэфана Вышынскага і за Бацькаўшчыну.

Абноўлена 07.12.2023 20:33
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.