Пошук

23.11.2023 12:25   Паводле: episkopat.pl, JasnaGóraNews / Падрыхтаваў: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота: JasnaGóraNews

У галоўным Марыйным санктуарыі Польшчы на Яснай Гары ў Чэнстахове ўвечары 21 лістапада распачаліся рэкалекцыі для біскупаў на тэму «Адказнасць пастыраў».

Духоўныя практыкаванні, якія працягнуцца да 24 лістапада, сёлета праводзіць езуіт айцец Хэнрык Петрас, спецыяліст ў галіне патрыстыкі і гісторыі Візантыі, выкладчык Папскага Грыгарыянскага ўніверсітэта ў Рыме і Калегіума Бабалянум у Варшаве.

Дасведчаны духоўны кіраўнік на працягу чатырох дзён рэкалекцый прамовіць восем аскетычных канферэнцый на тэму адказнасці пастыраў.

Адначасова з рэкалекцыямі для біскупаў у Чэнстахове праходзяць таксама адмысловыя рэкалекцыі для іх кіроўцаў.

Духоўныя практыкаванні на тэму «Адносіны чалавека з Богам» праводзіць айцец Лукаш Келяк з манаскага ордэна паўлінаў.

Як паведамляе прэс-служба Яснагорскага санктуарыя JasnaGóraNews, у рэкалекцыях бяруць удзел каля дзясятка біскупскіх кіроўцаў. Яны штодзённа ўдзельнічаюць у святой Імшы, іншых набажэнствах і слухаюць аскетычныя канферэнцыі. Як адзначае айцец рэкалекцыяніст, найлепшым шляхам для ўсталявання адносін з Богам з’яўляецца Святое Пісанне, з якога можна даведацца, як падтрымліваць гэтую сувязь.

Кіроўцы біскупаў кажуць, што іх не так шмат, таму яны добра знаёмыя паміж сабою. У мінулым годзе яны маліліся за свайго калегу Славаміра, кіроўцу дапаможнага біскупа Кракаўскай архідыяцэзіі Робэрта Хжоншча. На пана Славаміра напаў чалавек з нажом, калі той суправаджаў біскупа падчас кананічнай візітацыі. Сёння кіроўца асабіста дзякуе Маці Божай за цудоўнае ацаленне жыцця.

«Дзякуй Богу, я жывы. Гэта былі ўдары, якія маглі пазбавіць мяне жыцця. У мінулым годзе маліліся за мяне, сёлета я маю ласку маліцца разам з усімі», — сказаў пан Славамір.

Перажыўшы напад, ён асабліва падкрэсліў, наколькі важна заўсёды быць у стане асвячальнай ласкі: «Трэба паклапаціцца пра вечнае жыццё. Гэта толькі некалькі секунд, з’яўляецца паніка, а калі прымеш сакрамэнты, адчуваеш спакой», — прызнаўся мужчына.

Тое, што яднае кіроўцаў, гэта адносіны да сваёй працы як да служэння, каб заўсёды «быць гатовымі».

Пан Ежы, кіроўца дапаможнага біскупа Катавіцкай архідыяцэзіі Гжэгажа Альшоўскага, перад тым, як распачаў гэтую працу, стаў распарадчыкам Найсвяцейшага Сакрамэнту, які можа ўдзяляць Камунію. Яму часам даводзіцца дапамагаць біскупу не толькі кіруючы машынай, але таксама і пры алтары. Мужчына прызнаўся, што паміж пастаянным кіроўцам і святаром, якога ён возіць, усталёўваецца сяброўства.

Пан Эўгеніюш, кіроўца біскупа Быдгаскага Кшыштафа Уладарчыка, сцвердзіў, што, возячы касцёльных іерархаў, можна духоўна развівацца. «Звяртаючыся да Святога Пісання, можна сказаць, што ловіш тыя крышынкі са стала, — сказаў з усмешкаю. — Мы ўвесь час побач з пастырам, і гэта штосьці цудоўнае», — дадаў ён.

«Гэта не звычайная праца кіроўцы: гэта, хутчэй, служэнне і пакліканне, — падзяліўся пан Яраслаў з Эльблёнга. — Я быў прыняты на працу падчас падрыхтоўкі да пасвячэння дыяканату. Каб стаць дыяканам, абавязкова патрэбная згода жонкі. Нельга добра выконваць гэтае служэнне без прыняцця з яе боку», — дадаў мужчына, адзначыўшы, што жонка вельмі падтрымлівае яго ва ўсіх справах.

Пан Лешак, таксама з Эльблёнга, працуе кіроўцам біскупа Юзафа Высоцкага ўжо 12 гадоў. «Гэта даволі спецыфічная праца, бо нас не так шмат», — сказаў мужчына. Для яго вельмі важная сувязь з супольнасцю: ужо 20 гадоў ён належыць да супольнасці «Бэтанія», за якую адказвае біскуп Высоцкі. «Я рады, што магу быць кіроўцам і адначасова ўзбагачаць сваё духоўнае жыццё», — дадаў пан Лешак.

Абноўлена 24.11.2023 11:05
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа