Пошук

06.07.2023 09:55   Паводле: Vatican News / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

Копіі цудадзейных абразоў Найсвяцейшай Панны Марыі, якія ўжо наведалі шмат беларускіх парафій, 28 чэрвеня былі выстаўлены на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане, дзе падчас агульнай аўдыенцыі іх благаславіў Францішак.

Як нагадвае Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, збор з пятнаццаці ікон Багародзіцы, напісаныя мастачкай з Маладзечна Ядзвігай Сянько, у трэці раз выехаў за межы краіны. У лістападзе копіі абразоў знаходзіліся ў Вільні падчас Апекаў Маці Божай — урачыстасцяў у гонар Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, а ў маі — у галоўным Марыйным санктуарыі Польшчы на Янай Гары ў Чэнстахове.

У Італіі збор ікон напярэдадні дапоўніўся спісам цудадзейнага абраза Маці Божай Нястомнай Дапамогі.

Ён стаў 16-й кананічнай выявай Найсвяцейшай Панны Марыі, якая разам з іншымі надалей будзе перэгрынаваць па святынях Беларусі і замежжа.

Ініцыятарам перэгрынацыі найбольш шанаваных у Беларусі Марыйных абразоў з’яўляецца пробашч парафіі святога Сымона і святой Алены ў Мінску ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк, а суправаджае перэгрынацыю яе духоўны кіраўнік ксёндз Станіслаў Станеўскі.

У складзе беларускай дэлегацыі ў Ватыкан прыбыў таксама хор касцёла святых Сымона і Алены ў Мінску «Голас душы», які выканаў некалькі шматгалосных Багародзічных беларускіх спеваў, надаўшы аўдыенцыі больш урачысты характар.

Калі Папа наблізіўся да пілігрымаў з Беларусі, хор заспяваў у яго гонар Plurimos annos — пажаданне доўгіх гадоў жыцця.

Святы Айцец благаславіў копіі найбольш шанаваных на нашых землях Марыйных абразоў, якія, а таксама атрымаў у дар спіс іконы Маці Божай Будслаўскай.

Копія цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай была перададзена Папу Францішку ад імя Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага і ўсіх беларускіх вернікаў з нагоды 25-годдзя каранацыі іконы і 410-годдзя яе з’яўлення ў Будславе.

 

Абноўлена 07.07.2023 10:36
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа