Раніцай 24 чэрвеня, ва ўрачыстасць Нараджэння святога Яна Хрысціцеля, з Мінска ў Рым скіраваліся спісы найбольш шанаваных на нашых землях цудадзейных абразоў Маці Божай, якія ўжо больш за два гады перэгрынуюць па парафіях Беларусі.
Копіі Марыйных ікон, створаныя мастачкай з Маладзечна Ядзвігай Сянько, суправаджае духоўны кіраўнік перэгрынацыі ксёндз Станіслаў Станеўскі CSsR.
Іконы з Беларусі будуць перэгрынаваць у Італіі з 27 па 28 чэрвеня ў межах выставы каранаваных абразоў Маці Божай, якая з мая па кастрычнік праходзіць у Ватыкане. 15 абразоў будуць даступныя для ўшанавання вернікамі і пілігрымамі 27 чэрвеня ў санктуарыі Маці Божай Нястомнай Дапамогі, якім апякуюцца ксяндзы з законніцкай супольнасці рэдэмптарыстаў. У гэты дзень адзначаецца ўспамін Маці Божай, якую ўшаноўваюць пад тытулам Нястомнай Дапамогі. Святочную літургію ў рымскай святыні, дзе захоўваецца цудадзейны абраз, упрыгожыць спевам хор мінскай парафіі святога Сымона і святой Алены «Голас Душы».
У Італіі збор ікон дапоўніцца спісам цудадзейнага абраза Маці Божай Нястомнай Дапамогі. Ён стане 16-й кананічнай выявай Найсвяцейшай Панны Марыі, якая разам з іншымі надалей будзе перэгрынаваць па святынях Беларусі і замежжа.
У сераду спісы абразоў з Беларусі будуць выстаўлены на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане падчас агульнай аўдыенцыі Папы Францішка.
З нагоды 25-годдзя каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай і 410-годдзя яго з’яўлення ў Будславе ад імя Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага і беларускіх вернікаў Папу Францішкку будзе перададзена ў падарунак выява Апякункі Беларусі.
Арцыпастыр падпісаў абраз і благаславіў удзельнікаў перэгрынацыі ў добры шлях.
Вечны горад, сусветная сталіца хрысціянства, стане 73-м пунктам перэгрынацыі найбольш шанаваных на нашых землях цудадзейных абразоў Маці Божай.