29 чэрвеня, ва ўрачыстасць святых Пятра і Паўла, апосталаў, адбыўся ўрачысты прыём з нагоды адзінаццатай гадавіны Пантыфікату Святога Айца Папы Францішка.
Святкаванне было прымеркавана да візіту ў Беларусь Прэфекта Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці, якога Папа Францішак прызначыў сваім Спецыяльным пасланнікам на ўрачыстасцях у Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай з нагоды 25-годдзя з часу каранацыі цудадзейнага абраза Апякункі Беларусі.
У прыёме, які праходзіў у адным са сталічных гатэляў, узялі ўдзел усе каталіцкія біскупы нашай краіны, прадстаўнікі духавенства, кансэкраваныя асобы, а таксама прадстаўнікі іншых традыцыйных канфесій і рэлігій, дыпламатычнага корпусу і дзяржаўнай улады.
Прысутнічалі ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак і намеснік Міністра замежных спраў Юрый Амбразевіч.
Да сабраных звярнуўся арганізатар прыёму, Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч, які адзначыў, што за адзінаццаць гадоў свайго Пантыфікату Папа Францішак здзейсніў шмат рэформаў, дзякуючы якім быў зроблены акцэнт на асобу чалавека.
«Кардынал Хорхэ Бэргольё, узышоўшы на пасад святога Пятра, адкрыў для ўсяго свету і паасобнага чалавека Каталіцкі Касцёл па-новаму. Ён важную ролю ўдзяляе сям’і і мігрантам, клапоцячыся аб іх дабрабыце. Шмат увагі надае прымірэнню паміж народамі, асабліва там, дзе ідуць войны. У сучасным свеце не можа быць міру, пакуль не будзе прабачэння», — адзначыў нунцый Ёзіч.
Спецыяльны пасланнік Святога Айца арцыбіскуп Гуджэроцці, у сваю чаргу, перадаў усім прысутным прывітанне ад імя Папы Францішка.
«Яго любоў і павага да беларускага народа добра вядомыя. Вядома і тое, якую вялізную заклапочанасць і занепакоенасць выклікае ў Папы трагедыя вайны, што разрывае гэтую частку свету і з якой ён не збіраецца змірацца, маючы моцную веру, якая накіроўвае сумленні і заклікае іх на Божы суд», — падкрэсліў арцыбіскуп Гуджэроцці. Ён дадаў, што ніхто не мае простых рашэнняў, якія прывялі б да ўсталявання міру, адзначыўшы, што гэтая сітуацыя ўжо стала прычынаю гібелі вялікай колькасці людзей і з’яўляецца пагрозай для ўсяго чалавецтва.
«У сувязі з гэтым Папа звяртаецца да Беларусі, каб рахманасць яе жыхароў, іх глыбокая сумленнасць і працавітасць, а таксама асаблівая роля мосту паміж Усходам і Захадам, якую яна адыгрывае, натхнялі перадусім на вялізныя намаганні быць змагаркаю за мір на шляху дыялогу справядлівасці і прымірэння ўнутры краіны і ва ўзаемаадносінах з суседнімі народамі.
Папа моліць Бога аб мірным суіснаванні ва ўзаемнай увазе і павазе, каб, нарэшце, прывесці натуральныя рэсурсы краіны да поўнага развіцця дзеля прагрэсу, які будзе чалавечным, духоўнага жыцця і грамадскай павагі, заснаванай на каштоўнасцях, якія традыцыйна жывуць у сэрцы беларуса. Ён таксама спадзяецца на тое, што яна зможа стаць пасярэдніцай у справе міру і дапамагчы пазбегчы далейшых драматычных падзей у рэгіёне.
Акрамя таго, ён просіць міжнародную супольнасць быць уважлівай да асаблівасцяў гэтага гераічнага народа, які імкнецца да дабра і спакою.
Гэта будзе дасягнута не толькі на падставе павярхоўных меркаванняў геапалітыкі, заснаванай на дробязных разліках сваіх прыватных інтарэсаў, але і дзякуючы больш шырокаму бачанню сапраўднага агульнага ўзрастання, пераадоленню стэрэатыпаў і апоры на тое ўсеагульнае дабро, якое толькі і можа ўратаваць чалавецтва ад катастрофы, да якой мы, самі гэтага не ўсведамляючы, небяспечна набліжаемся, жэст за жэстам, дзеянне за дзеяннем, з таннай рыторыкай, што прыхоўвае разумовую ляноту, якая адмаўляецца ад вялікіх набыткаў мінулага на карысць эгаістычных разлікаў, якім чалавецтва больш не можа паддавацца.
Ён запэўнівае ў сваёй няспыннай малітве і нястомных намаганнях дзеля гэтага», — сказаў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.