Пошук

09.06.2023 12:02   Ганна Шаўчэнка / ave-maria.by
Фота: ave-maria.by

Выйшаў у свет чэрвеньскі нумар каталіцкага часопіса «Ave Maria», у якім чытачы знойдуць матэрыялы пра ўшанаванне Найсвяцейшага Сэрца Езуса, якому асабліва прысвечаны гэты месяц, а таксама на іншыя важныя і актуальныя тэмы з жыцця Касцёла ў Беларусі.

Ніжэй пададзены кароткі агляд матэрыялаў нумара, размешчаны на сайце выдання ave-maria.by.

«Палымнеючае вогнішча міласці», «усіх цнотаў глыбіня бяздонная», «крыніца жыцця і святасці»…

Мноства такіх дзівосных, змястоўных і праўдзівых эпітэтаў мы спяваем і прамаўляем Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса ў вядомай літаніі падчас чэрвеньскіх набажэнстваў. І кожны з гэтых вобразаў варты грунтоўнай тэалагічнай працы — настолькі старажытная, багатая і важная гісторыя культу, пра які сцісла распавядае Аліна Новікава ў матэрыяле «Сэрца Езуса — знак збаўлення для сучаснага свету», змешчаным у чэрвеньскім нумары часопіса «Ave Maria» і прысвечаным інтранізацыі Найсвяцейшага Сэрца Езуса — прысвячэнню Яму сябе, сваёй сям’і, парафіі ці іншай супольнасці.

Чаму культ Сэрца Езуса такі важны для чалавецтва? І што з’яўляецца вызначальнікам велічы чалавека? На гэтыя пытанні адказвае айцец Юрый Кулай OCD у сваім артыкуле «З клопатам пра людское сэрца» ў рубрыцы «Школа малітвы». Пра адну з самых загадкавых і цікавых якасцяў Божага Сэрца разважае ксёндз Андрэй Рылка ў матэрыяле «Суцішэнне Сэрца як прастора найвялікшых цудаў Бога» (рубрыка «Святар адказвае на пытанне»).

«Фаніпаль — парафія двух сэрцаў» — так называецца артыкул Галіны Калевіч пра гісторыю заснавання і духоўнае жыццё парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Беззаганнага Сэрца Марыі ў Фаніпалі на Міншчыне. Карэспандэнт часопіса запісала таксама сведчанні саміх парафіянаў, якія робяць актыўны і важны ўнёсак у развіццё сваёй рэлігійнай супольнасці, чэрпаючы адтуль духоўную моц.

Іна Бігель у рэпартажы «„За сцяною горада“ ўзвысіўся храм» распавядае пра стварэнне ў Мінску маладой парафіі і пасвячэнне новазбудаванага касцёла святога Францішка, якім апякуецца ордэн Меншых Братоў Капуцынаў.

Цікавыя матэрыялы, прысвечаныя культу Найсвяцейшага Сэрца Езуса і некаторым іншым важным тэмам з жыцця Каталіцкага Касцёла прапануюць на старонках часопіса пастаянныя аўтары выдання: Данута Бічэль (у новым нумары змешчаны яе таленавітыя вершы), Паліна Грыб, сястра Паўла Бобер MSF, Віктар Ведзень і іншыя.

На апошніх старонках вокладкі чытачы знойдуць малітвы для акту інтранізацыі Найсвяцейшага Сэрца Езуса.

Абноўлена 09.06.2023 12:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.