Пошук

06.04.2023 17:15   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Мікола Новікаў / Catholic.by

Раніцай 6 красавіка, у Вялікі чацвер, у мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі адбылася святая Імша Хрызма, на якой сабралася духавенства сталічнага рэгіёна Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Каля сотні святароў з розных парафій Мінскай вобласці прыбылі ў галоўную святыню архідыяцэзіі, каб на чале са сваім біскупам узяць удзел у гэтай асаблівай цэлебрацыі на працягу літургічнага года, падчас якой успамінаецца ўстанаўленне сакрамэнту святарства. Узначаліў урачыстую цэлебрацыю, у якой узяў удзел таксама прадстаўнік Папы Францішка ў нашай краіне Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

На пачатку святой Імшы іерарх асаблівым чынам прывітаў прысутнага ў катэдры Апостальскага адміністратара католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека і ў яго асобе павіншаваў усіх беларускіх грэка-католікаў са з’яўленнем адмысловай касцёльнай структуры, якую нядаўна пажадаў стварыць для іх Святы Айцец Папа Францішак.

Арцыпастыр павіншаваў святароў архідыяцэзіі, якія сёлета адзначаюць юбілей святарства, а таксама заклікаў памятаць у малітве пра памерлых святароў, перадусім пра першага Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага кардынала Казіміра Свёнтка і спачылага нядаўна ксяндза каноніка Дзмітрыя Барылу.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Станеўскі звярнуў увагу на тое, што цэлебрацыя Імшы Хрызма з’яўляецца выразам паўнаты святарства біскупа, які моліцца разам са сваім прэзбітэрыем, а таксама блізкай еднасці ўсіх святароў са сваім біскупам. Іерарх нагадаў, што благаслаўленне алею хворых, што адбывецца на гэтай Імшы, ставіць перад нашымі вачыма ўсіх, хто нясе крых хваробы і пакут, а кансэкрацыя алею Хрызма — найшляхетнейшага з усіх алеяў, які ўжываецца падчас хросту і пасвячэння прэзбітэраў і біскупаў, — нагадвае пра веліч Хрыстовага святарства.

Галоўным заданнем у святарскім пакліканні арцыбіскуп Станеўскі назваў імкненне перадусім быць Божымі людзьмі, якія нясуць Хрыстовую любоў і дзеляцца ёю са сваімі братамі.

На заканчэнне цэлебрацыі святароў з іх святам павіншавалі кансэкраваныя асобы, а архімандрыт Сяргей Гаек ад імя ўсёй грэка-каталіцкай супольнасці падзякаваў братам лацінскага абраду за падтрымку на супольным шляху, які абедзвюм супольнасцям ўдалося за гэты час прайсці разам.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі абвясціў аб прызначэнні пробашча парафіі святога Юзафа ў Маладзечне ксяндза прэлата Эдмунда Даўгіловіча-Навіцкага, дэкана Маладзечанскага, грэміяльным канонікам Мінскага катэдральнага капітулу святога Арханёла Міхала і Маці Божай Будслаўскай.

Абноўлена 06.04.2023 17:21
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця