У сераду 29 сакавіка ў касцёле Маці Божай Ружанцовай і святога Дамініка ў мястэчку Ракаў (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Валожынскі дэканат) адбыліся цэлебрацыі ў 30-ы дзень пасля смерці шматгадовага пробашча мясцовай парафіі ксяндза каноніка Дзмітрыя Барылы.
Святар адышоў у вечнасць 28 лютага на 49-м годзе жыцця і 24-м годзе святарскага служэння.
У 30-ы дзень пасля смерці ксяндза Дзмітрыя Барылы ў святыні, дзе ён служыў амаль два дзесяцігоддзі, адбыліся цэлебрацыі аб супакоі для яго душы: апоўдні і ўвечары.
На першай святой Імшы ў ракаўскім касцёле сабраліся мясцовыя парафіяне, родныя спачылага святара, яго мама Гэлена, сёстры законныя, а таксама каля двух дзясяткаў святароў, сярод якіх быў і яго родны брат — ксёндз канонік Аляксандр Барыла. Узначаліў цэлебрацыю Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Вітаючы сабраных у святыні, арцыпастыр перадусім з глыбокай цеплынёй і ўдзячнасцю ўзгадаў спачылага ксяндза Дзмітрыя, які, паводле яго, за сваё кароткае жыццё пакінуў значны след і добрую памяць пра сябе як у ракаўскай парафіі, так і ва ўсім мясцовым Касцёле.
Выказаўшы словы спачування маме спачылага, яго родным і парафіянам, арцыпастыр запрасіў да супольнай малітвы аб вечным жыцці для «пробашча, каноніка, афіцыяла касцёльнага суда, а таксама сына, брата і сябра».
Гамілію падчас святой Імшы прамовіў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.
Іерарх, якога са спачылым ракаўскім пробашчам звязвалі супольна праведзеныя ў семінарыі гады і добрыя прыязныя адносіны, узгадаў яго светлую асобу і нястомную гатоўнасць служыць Богу і Яго народу паўсюль, куды яго скіроўваў Касцёл, «нават калі гэта не заўсёды адпавядала яго ўласнай волі».
Нібы прадчуваючы, што ў яго распараджэнні не так шмат часу на зямлі, ксёндз Дзмітрый Барыла, як заўважыў біскуп, «спяшаўся рабіць дабро і, напэўна, стаў перад Богам з рукамі, поўнымі добрых учынкаў» і плёну яго душпастырскай руплівасці.
Напрыканцы святой Імшы да сабраных звярнуўся брат спачылага ракаўскага пробашча ксёндз Аляксандр Барыла, які адзначыў, што, хоць смерць ксяндза Дзмітрыя стала для многіх людзей вялікім болем, аднак яна не з’яўляецца трагедыяй, бо асветлена надзеяй на вечнае жыццё ў Валадарстве Уваскрослага Хрыста.
Святар яшчэ раз падзякаваў усім за падтрымку, дапамогу ў арганізацыі пахавання і за малітву аб супакоі для душы ксяндза Дзмітрыя.
Ад імя ракаўскіх парафіянаў слова ў памяць пра спачылага пробашча прамовіў даследчык і публіцыст Язэп Янушкевіч, чый род па лініі маці жыве ў Ракаве ўжо амаль чатыры стагоддзі.
Служэнне ксяндза Дзмітрыя Барылы ён назваў «падарункам нябёсаў» для ракаўскай парафіі, і як пацвярджэнне словаў біскупа Касабуцкага пра шчодры плён добрых учынкаў пералічыў найбольш значныя справы, здзейсненыя ў парафіі вернікамі разам з іх шматгадовым пробашчам за апошнія няпоўныя дваццаць гадоў, і такіх набралося ажно 18 пунктаў.
Свае ўспаміны Язэп Янушкевіч аформіў у выглядзе брашуры, якую назваў «Недажытае дваццацігоддзе нашага пробашча, або „Спяшайцеся любіць людзей“».
У заключным слове арцыбіскуп Юзаф Станеўскі асабліва падкрэсліў важнасць таго, што ў парафіі ўсё рабілася вернікамі і іх шматгадовым пробашчам разам, у супольнасці.
Працягваць у тым жа духу арцыпастыр заахвоціў і новага душпастыра парафіі ў Ракаве, якім ён прызначыў ксяндза Дзмітрыя Чупрына — святара амаль аднолькавых з яго папярэднікам гадоў, з добрай адукацыяй і вялікім душпастырскім досведам.
Пасля святой Імшы ў касцёле адбылася кароткая сустрэча новапрызначанага пробашча з прадстаўнікамі ракаўскай парафіяльнай рады.
У сустрэчы ўдзельнічалі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, біскуп Юрый Касабуцкі і ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк, які разам з іншымі святарамі з парафіі святога Сымона і святой Алены ў Мінску на працягу апошняга месяца апекаваўся асірацелымі ракаўскімі парафіянамі.
Вернікі падзякавалі арцыпастыру за супольную малітву і за клопат пра іх парафію, якая атрымала новага пробашча.