10 ліпеня ў касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай і святога Дамініка ў мястэчку Ракаў (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Валожынскі дэканат) адбылася ўрачыстая святая Імша з нагоды 25-годдзя з часу прэзбітэрскага пасвячэння памерлага ксяндза каноніка Дзмітрыя Барылы, шматгадовага ракаўскага пробашча.
Цэлебрацыю літургіі ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. У ёй ўдзельнічалі Генеральны вікарый архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, шматлікія святары, прэлаты, канонікі Мінскага катэдральнага капітула, у тым ліку і родны брат памерлага ксёндз канонік Аляксандр Барыла, а таксама мама, родныя, вернікі і госці ракаўскай парафіі на чале з ксяндзом Дзмітрыем Чупрыным, цяперашнім пробашчам.
Арцыбіскуп Станеўскі на пачатку Эўхарыстыі сардэчна прывітаў усіх прысутных, асабліва маму Гэлену, і нагадаў, што словы антыфоны на ўваход з фармуляра Імшы пра нашага Пана Езуса Хрыста Найвышэйшага і Вечнага Святара «ты святар навекі» вымоўна адносяцца да святой памяці ксяндза Дзмітрыя, «за якога мы ўзносім свае малітвы сёння, у срэбраны юбілей яго прэзбітэрскага пасвячэння».
Падчас гаміліі біскуп Касабуцкі, аднакурснік спачылага ракаўскага душпастыра, засяродзіў увагу на тым, чым ёсць святарства і што дакладна 10 ліпеня 1999 года ксёндз Дзмітрый атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне з рук тагачаснага арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага кардынала Казіміра Свёнтка.
Далей у сваіх разважанях іерарх нагадаў, якой павінна быць нашая памяць пра тых, хто адышоў у вечнасць.
«Па-першае, гэта памяць пра памерлага ў нашых малітвах, а па-другое, людская памяць, гэта значыць тое, як мы клапоцімся пра месца пахаванне нашых блізкіх, святароў», — заўважыў біскуп Юрый Касабуцкі.
Напрыканцы літургіі да ўсіх прысутных звярнуўся брат спачылага святара ксёндз Аляксандр Барыла, які сказаў, што кожны юбілей з’яўляецца добрай нагодай, каб дзякаваць і прасіць прабачэння. Святар ад імя мамы і родных падзякаваў усім вернікам ракаўскай парафіі, дзе на працягу доўгіх гадоў служыў яе сын і іх брат ксёндз Дзмітрый і дзе спачывае навекі. Таксама ксёндз Аляксандр падзякаваў усім, хто прычыніўся да падрыхтоўкі і рэалізацыі ўсталявання помініка.
Імша завяршылася пастырскім благаслаўленнем, пасля чаго ўсе скіраваліся на парафіяльныя могілкі да магілы ксяндза Дзмітрыя, дзе арцыбіскуп Юзаф Станеўскі пасля супольнай малітвы «Анёл Панскі» здзейсніў благаслаўленне помніка.
Напрыканцы арцыпастыр прыгадаў, што ведаў ксяндза Дзмітрыя яшчэ да яго паступлення ў семінарыю і што малыды юнак ужо тады любіў спеў пра святарскую сутану. Гэтым жа спевам і завяршылася малітва за ксяндза Дзмітрыя Барылу з нагоды срэбранага юбілею яго прэзбітэрскага пасвячэння.