28 лютага ў парафіяльным касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай і святога Дамініка ў мястэчку Ракаў (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Валожынскі дэканат) духавенства і вернікі супольна маліліся аб вечным жыцці для ксяндза каноніка Дзмітрыя Барылы ў першую гадавіну з дня яго смерці.
Пробашч парафіі Маці Божай Ружанцовай і святога Дамініка ў Ракаве і дэкан Валожынскага дэканату ксёндз канонік Дзмітрый Барыла адышоў у вечнасць 28 лютага 2023 года на 49-м годзе жыцця і 24-м годзе святарскага служэння.
У першую гадавіну з часу яго адыходу ў вечнасць у ракаўскай парафіі з удзячнасцю ўспаміналі спачылага шматгадовага душпастыра і ўзносілі малітвы аб супакоі для яго душы.
Апоўдні ў касцёле ў Ракаве адбылася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, аднакурснік ксяндза Дзмітрыя па Гродзенскай семінарыі. У святыні, запоўненай вернікамі, разам з іерархам маліліся новы пробашч ракаўскай парафіі ксёндз Дзмітрый Чупрын і яшчэ два дзясяткі святароў з розных мясцін: як дыяцэзіяльных, так і манахаў. На пачатку цэлебрацыі біскуп Касабуцкі прывітаў усіх сабраных, асабліва маму і родных спачылага год таму ракаўскага пробашча.
У прамоўленай гаміліі іерарх напачатку адзначыў, што малітва за памерлага з’яўляецца ў перыяд Вялікага посту своеасаблівай «рэкалекцыйнай навукай для ўсіх нас, якая кажа пра прамінальнасць жыцця на зямлі і пра справы вечнасці». Заўважыўшы, што ксёндз Дзмітрый адышоў з гэтага свету ў маладым па чалавечых мерках узросце, біскуп нагадаў словы Святога Пісання пра тое, што чалавек не ведае часу свайго адыходу, і таму павінен старацца заўсёды быць да яго гатовым, імкнуцца рабіць дабро.
«Сёння мы ўзгадваем гэтага святара, які нёс Божае слова; які, як свечка, палаў, згараў для таго, каб людзі атрымалі збаўленне», — падкрэсліў іерарх. Ён узгадаў гады сумеснай вучобы ў семінарыі, дзе ксёндз Дзмітрый быў самым маладым па ўзросце сярод аднакурснікаў, але, нягледзячы на гэта, яны выбралі яго сваім старастам за яго цудоўныя чалавечыя якасці: дабрыню, чалавечнасць, добразычлівасць. Гаворачы пра веру ў лучнасць святых, біскуп Касабуцкі заўважыў, што яна павінна праяўляцца не толькі ў малітве за памерлых, але таксама ў просьбе аб заступніцтве тых, хто адышоў у вечнасць.
Іерарх звярнуў увагу на тое, што на фотаздымках ксёндз Дзмітрый Барыла амаль заўсёды ўсміхаецца, дадаўшы, што яго цяжка ўзгадаць сумным.
«Ён заўсёды дарыў сваю ўсмешку, якая падтрымлівала ў хвіліну смутку; ён дарыў сваю ўсмешку, якая дапаўняла нашу радасць, калі прыходзілі падзяліцца ёю з ім», — сказаў на заканчэнне гаміліі біскуп, запрасіўшы прысутных у хвіліне цішыні падзякаваць Богу за дар гэтага чалавека, святара, памаліцца аб вечным супакоі для яго і прасіць аб яго малітве за нас.
Напрыканцы Імшы да сабраных у ракаўскай святыні звярнуўся родны брат спачылага святара ксёндз канонік Аляксандр Барыла, пробашч і дэкан з Вілейкі, які перадусім адзначыў, што «нашыя памерлыя становяцца настаўнікамі жыцця, каб мы не змарнавалі ніводнага дня з гэтага такога кароткага прабывання на зямлі і каб мы сабралі духоўнае багацце, якім будзем карыстацца ўсю вечнасць».
Ксёндз Аляксандр засведчыў, што на працягу года не спынялася малітва за спачылага ксяндза Дзмітрыя. «Малітва гучала ў гэтым ракаўскім касцёле, на парафіяльных могілках, у дамах ракавянаў. Малітва гучала ў родным касцёле ў Глыбокім, у сем’ях яго родных, блізкіх і сяброў. На працягу года штодзённа адбывалася малітва ў Вілейцы. Многія маліліся на хвалях „Радыё Марыя“. У гэты час цэлебраваліся Грыгарыянскія святыя Імшы ў розных касцёлах Беларусі. Малітва ўзносілася ў святынях, дзе сёння працуюць святарамі яго сябры, выхаванцы і тыя, хто зведаў дабрыню і шчодрасць святарскага сэрца ксяндза Дзмітрыя.
Малітва гучала з вуснаў біскупаў і Божага народа, у простых капліцах і санктуарыях, у вёсках і вялікіх гарадах… Верым у моц малітвы і спадзяемся, што ксёндз Дзмітрый, якому мы вымольваем неба, будзе нашым нябесным заступнікам у Бога!» — выказаў надзею ксёндз Аляксандр. Ён дадаў, што «ксёндз Дзмітрый, які сваёй усмешкай і аптымізмам вучыў нас пазітыву, напэўна, жадае і цяпер, каб вызначаныя нам гады жыцця на гэтым свеце мы не змарнавалі, але выкарысталі для асабістага дабра і дабра нашых родных».
Брат спачылага святара зазначыў, што заканчэнне часу жалобы і нармальны працяг жыцця, новыя ініцыятывы і паляпшэнне таго, што было зроблена раней, «не будзе знакам здрады, забыцця або нелюбові да ксяндза Дзмітрыя, але, наадварот, знакам працягу яго жыцця. Больш за тое, адважуся правесці аналогію, гэта будзе яго „ўваскрасенне“!
Няхай фіялетавы колер [жалобы] ў нашых душах зменіцца ў ззяючае золата, як гэта адбываецца ў хвалебны ранак Змёртвыхпаўстання. Прыгажосць нашага жыцця — гэта і ёсць плён смерці дарагога і шанаванага намі ксяндза Дзмітрыя», — сцвердзіў ксёндз Аляксандр Барыла.
Пасля святой Імшы на ракаўскіх парафіяльных могілках адбылася малітва пры магіле ксяндза Дзмітрыя Барылы.
На яе заканчэнне біскуп Юрый Касабуцкі пакрапіў асвячонай вадой месца спачыну шматгадовага ракаўскага пробашча, які пахаваны непадалёк ад уваходнай брамы, побач з капліцай, дзе збіраліся на малітву мясцовыя вернікі, пасля чаго ўдзяліў сабраным пастырскае благаслаўленне.
Увечары ў ракаўскім касцёле адбылася яшчэ адна святая Імша за памерлага год таму ксяндза каноніка Дзмітрыя Барылу, які жыве ў Богу і ў сэрцах удзячных парафіянаў.