29 сакавіка ў парафіі Маці Божай Ружанцовай і святога Дамініка ў мястэчку Ракаў (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Валожынскі дэканат) памаліліся аб вечным жыцці для шматгадовага ракаўскага пробашча ксяндза каноніка Дзмітрыя Барылы ў 30-ы дзень пасля яго адыходу ў вечнасць.
У гэтай інтэнцыі апоўдні ў ракаўскай святыні адбылася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
На заканчэнне цэлебрацыі арцыпастыр падзякаваў ксяндзу каноніку Уладзіславу Завальнюку, які разам з іншымі святарамі з парафіі святога Сымона і святой Алены ў Мінску на працягу апошняга месяца па даручэнні касцёльнай улады клапаціўся пра душпастырства вернікаў у ракаўскай парафіі.
Арцыбіскуп Станеўскі прадставіў новага пробашча парафіі Маці Божай Ружанцовай і святога Дамініка ў Ракаве, якім быў прызначаны ксёндз Дзмітрый Чупрын.
Новы ракаўскі душпастыр нарадзіўся 27 жніўня 1976 года ў Маладзечне, скончыў Міждыяцэзіяльную вышэйшую духоўную семінарыю імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску, прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў 29 верасня 2007 года. Праз нейкі час душпастырскай працы ў Касцёле на Беларусі быў скіраваны на навучанне ў Папскі Латэранскі ўніверсітэт па спецыяльнасці тэалогія хрысціянскага жыцця (маральная тэалогія).
Пасля паспяховага заканчэння курсу і атрымання навуковай ступені ліцэнцыята быў прызначаны прэфектам духоўнай семінарыі ў Пінску. Пасля рэарганізацыі працэсу фармацыі духавенства ў Беларусі напачатку нёс душпастырскае служэнне ў парафіі святога Сымона і святой Алены ў Мінску, а пазней — у парафіі святога Юзафа ў Маладзечне.
Пасля святой Імшы ў касцёле адбылася кароткая сустрэча новапрызначанага пробашча з прадстаўнікамі ракаўскай парафіяльнай рады. У сустрэчы ўдзельнічалі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі і ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк.
Вернікі падзякавалі арцыпастыру за супольную малітву і за клопат пра іх супольнасць, якая атрымала новага пробашча.