Выйшаў новы, першы ў гэтым годзе, нумар часопіса «Наша вера», аўтары якога — мастацтвазнаўцы, гісторыкі, паэты, мастакі і літаратуразнаўцы.
Часопіс ужо можна набыць у парафіяльных кіёсках і бліжэй пазнаёміцца са зместам апублікаваных матэрыялаў, анонс якіх пададзены на сайце ave-maria.by.
Гэты нумар часопіса пачынаецца прамоваю Папы Бэнэдыкта XVI «Разумнае сэрца. Разважанні над асновамі права», з якою ён выступіў 22 верасня 2011 года ў Германіі і якая застаецца актуальнаю і ў наш час, бо прачытваецца сёння як мудрае айцоўскае настаўленне.
У рубрыцы «Прэзентацыя» змешчаны шэраг матэрыялаў з нагоды перакладу на беларускую мову Кодэксу кананічнага права.
У рубрыцы «In memoriam» друкуецца інтэрв’ю, запісанае на «Радыё Марыя», з ксяндзом канонікам Дзмітрыем Барылам, які адышоў у вечнасць 28 лютага гэтага года.
У рубрыцы «Ad fontes» увазе чытачоў прапануецца «Нарыс па гісторыі Мінскай дыяцэзіі» вядомага гісторыка, краязнаўцы Аляксандра Ельскага.
У артыкуле «Апостал уніі» ў рубрыцы «Постаці» гісторык-архівіст Андрэй Шпунт знаёміць чытачоў часопіса з дзейнасцю айца Язафата Бражыца, які быў вядомы як пашыральнік культу святога Язафата Кунцэвіча і культу Багародзіцы.
Рэстаўратар Ігар Сурмачэўскі прапануе ўвазе чытачоў артыкул «Будслаўскі касцёл і шляхецкія гербы XVII».
Пра выставу арнатаў са збораў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі піша мастацтвазнаўца Надзея Усава у артыкуле «Літургічны гардэроб…».
У рубрыцы «Пераклады» змешчаны ўрыўкі з паэмы Івана Франко «Смерць Каіна» ў перастварэнні на беларускую мову Алеся Бразгунова.
Літаратуразнаўца Ірына Багдановіч у эсэ «Велікодная прыпавесць пра дрэва Крыжа ў творчай спадчыне Юльяна Эйсманда» разважае пра хрысціянскую сімволіку. Тут жа друкуецца вершаваная прыпавесць Юліяна Эйсманда «Легенда пра дрэвы» ў яе перакладзе з польскай мовы.
У рубрыцы «Паэзія» змешчана падборка вершаў Дануты Бічэль «Сямейны альбом пра каханне і пра любоў».
Творчасці вядомай беларускай пісьменніцы Ірыны Жарнасек прысвечаны артыкул доктара філалагічных навук Галіны Тычко «Літаратурны човен Ірыны Жарнасек».
Паэтка і перакладчыца Аксана Данільчык прапануе ўвазе чытачоў сваё эсэ «Веру ў бязмежныя цуды…» пра творчасць італьянскай паэткі Антоніі Поццы. Тут жа друкуюцца вершы паэткі ў перакладзе Аксаны Данільчык.
Пісьменнік Уладзімір Ягоўдзік друкуе свае ўспаміны пра Анатоля Іверса, першы зборнік вершаў якога адрэдагаваў вядомы каталіцкі святар Адам Станкевіч.
Пра выставу ксяндза Сяргея Сурыновіча «Птушыны вянок» піша мастацтвазнаўца Алена Крывенькая ў эсэ «Галоўнае — быць шчырым».