Пошук

02.03.2023 22:22   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

2 сакавіка ў мястэчку Ракаў, што непадалёк ад Мінска, адбылося пахаванне шматгадовага пробашча мясцовай парафіі ксяндза каноніка Дзмітрыя Барылы.

Цела святара, які 28 лютага на 49-м годзе жыцця і на 24-м годзе святарскага служэння раптоўна адышоў у вечнасць, у сераду было дастаўлена ў парафіяльны касцёл у Ракаве.

У святыні, адноўленай намаганнямі ксяндза Дзмітрыя і аб’яднаных яго пастырскім клопатам мясцовых вернікаў, якім ён прысвяціў два дзесяцігоддзі — амаль усё сваё святарскае жыццё, — на працягу цэлага дня і ночы працягвалася развітанне.

Яно распачалося святой Імшой, цэлебрацыю якой у сераду раніцай узначаліў біскуп Юрый Касабуцкі, аднакурснік спачылага ракаўскага пробашча па духоўнай семінарыі ў Гродне. У Гадзіну Божай Міласэрнасці адбылася Эўхарыстыя з удзелам канонікаў Мінскага катэдральнага капітула святога Міхала Арханёла і Маці Божай Будслаўскай, грэміяльным канонікам якога ксёндз Дзмітрый быў з моманту яго стварэння. Узначаліў цэлебрацыю дэкан капітула ксёндз канонік Антоній Клімантовіч, пробашч архікатэдральнай парафіі ў Мінску.

Увечары адбыліся Нешпары за памерлага, якія правёў духоўны выхаванак спачылага святара ксёндз Андрэй Бурак з Мінска, адказны за душпастырства моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Начное малітоўнае чуванне распачалося святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB з Магілёва. Малітва пры труне ў ракаўскім касцёле працягвалася ўсю ноч, а ў чацвер раніцай цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Апоўдні труна з целам святара была закрыта, і з удзелам вялікай колькасці святароў з усіх дыяцэзій Беларусі і вернікаў з Ракава і наваколля распачалася пахавальная святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Вітаючы ўдзельнікаў Эўхарыстыі, іерарх перадусім звярнуўся са словамі спачування да родных спачылага ксяндза Дзмітрыя Барылы: яго мамы Гэлены, братоў, адзін з якіх — ксёндз канонік Аляксандр Барыла, пробашч парафіі ў Вілейцы і дэкан Вілейскага дэканата.

Словы суцяшэння арцыпастыр скіраваў таксама вернікам ракаўскай парафіі, якія разам са сваім духоўным айцом і пастырам на працягу двух дзесяцігоддзяў утваралі адзіную дружную парафіяльную сям’ю.

«Перад алтаром гэтай святыні, перад Богам самім сёння мы складаем падзяку і праслаўляем Бога за дар, якім Ён адарыў парафіяльную супольнасць, прэзбітэрый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, але найперш сям’ю Барыла, што мае свае вытокі на Глыбоччыне, Віцебскай дыяцэзіі.

Гэтым дарам з’яўляецца святой памяці ксёндз канонік Дзмітрый Барыла, наш брат, які, наследуючы Хрыста, вырушыў у пілігрымку, падарожжа, якім з’яўляецца святарскае пакліканне», — сказаў на пачатку Імшы арцыбіскуп Станеўскі, заахвоціўшы прысутных да малітвы аб вечным жыцці ў Божым Валадарстве для спачылага.

У прамоўленай гаміліі, «стоячы пры труне святара Дзмітрыя», арцыпастыр прапанаваў паразважаць над тым, «якое пасланне, якую навуку нясе з сабой гэтая апошняя пахавальная катэхеза маладога святара: вам, парафіянам і вернікам, і нам, святарам».

«Давер да Божай волі, спавіты надзеяй, пераадольвае боязь і лагодзіць роспач.

Няма смерці „зарана“, бо ніхто з нас не памірае зарана і ніхто не жыве задоўга: Бог вырашае аб нашым прабыванні на зямлі. Жыццё — гэта дар ад Пана Бога, які мы атрымоўваем праз любоў і згоду нашых бацькоў. Бог нас надзяляе здольнасцямі для рэалізацыі нашага жыццёвага паклікання або задання, якое нам давярае. Кожны з нас патрэбны Богу. На кожнага з нас Бог узглянуў і затрымаўся для дыялогу.

Позірк Бога з’яўляеца ласкай, якая не толькі стварае сусвет, але і ўзрушвае сэрца чалавека. Бог сваім лагодным і далікатным позіркам суправаджаў ксяндза Дзмітрыя ад самага пачатку: аб гэтым добра ведае мама Гелена што спавіла, выкарміла і навучыла праўдам веры», — адзначыў іерарх, распавядаючы пра тое, як адкрытасць на Божую ласку прывяла юнака Дзмітрыя на шлях святарскага служэння.

Коратка нагадаўшы пра яго вучобу ў семінарыі ў Гродне і ў Люблінскім каталіцкім універсітэце, пра выкладчыцкую працу ў семінарыі ў Пінску і служэнне ў якасці афіцыяла Міждыяцэзіяльнага касцёльнага суда ў Мінску, арцыбіскуп выказаў падзяку спачылам святару за яго руплівую працу ў Касцёле.

«„Душпастырства, прабыванне з вернікамі — вось маё пакліканне“, — казаў ксёндз Дзмітрый. Таму, дарагія парафіяне, прабываць з вамі на парафіі ён ставіў і цаніў вышэй навуковай касцёльнай адукацыі і вопыту працы суддзёй. Ксёндз Дзмітрый з вамі крочыў праз штодзённыя клопаты і турботы жыцця; былі малітва і рамонты, клопат пра святыню, яе прыгажосць <…>, рэкалекцыйны дом для дзяцей і моладзі з летнімі дзіцячымі забавамі. І тыя пілігрымкі да трону нашай Матулі ў Будславе разам з ксяндзом Дзмітрыем застануцца ў нашых сэрцах; але не толькі памяць, але і вынік — святарскія і манаскія пакліканні з вашай парафіі, сем’і, якія жывуць Богам, моладзь, што шукае і імкнецца да праўды», — падкрэсліў душпастырскія заслугі спачылага арцыбіскуп Станеўскі.

«Ксёндз канонік Дзмітрый, сёння ў час развітання з табой выказваем нашае людское „дзякуй“ за тваю святарскую паслугу, а ведаючы, што перад Найвышэйшым Богам ніхто не без віны, прызываем Божую Міласэрнасць і заступніцтва Маці Божай Будслаўскай.

Святар Дзмітрый, просім цябе і мы: там, у Божым Валадарстве, прасі за нас Бога, як гэта ты рабіў у дні святарскай паслугі. Прасі, каб мы добра жылі і Бога любілі, жыцця не змарнавалі і на жыццё вечнае запрацавалі. Каб мы так прагнулі нябеснага спажытку, як здабываем у поце кавалак хлеба. За тваё святарскае сэрца, чуласць і руплівасць, сяброўства і ўсе дары, якімі ты дзяліўся з намі, няхай Бог узнагародзіць цябе. А праз Ахвяру святой Імшы і малітву Найвышэйшы Святар Езус Хрыстус няхай цябе ўвядзе ў Краіну Жывых у Небе», — такімі пранікнёнымі словамі завяршыў гамілію арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Напрыканцы Імшы былі зачытаныя спачуванні, скіраваныя ў сувязі са смерцю ксяндза Дзмітрыя Барылы Апостальскім нунцыем у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскупам Антэ Ёзічам і арцыбіскупам эмэрытам Тадэвушам Кандрусевічам, якія той даслаў са шпіталя, дзе знаходзіцца на лячэнні пасля перанесенай нядаўна аперацыі. Свае спачуванні даслаў таксама ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак.

Вельмі кранальна прагучалі ў касцёле словы праваслаўнага святара, настаяцеля ракаўскага прыхода айца протаіерэя Сергія Лепіна, якога з ксяндзом Дзмітрыем, як ён сам засведчыў, доўгі час ядналі не толькі супольныя інтарэсы ў галіне кананічнага права Касцёла і Царквы, але таксама сяброўства, прыязнасць і шчырая ўзаемная павага.

Айцец Сергій выказаў словы спачування ад імя праваслаўных вернікаў Ракава, адзначыўшы, што «ваша страта — гэта і наша страта; ваш боль — гэта і наш боль».

Нарэшце, куратар падрыхтоўчага курса духоўнай семінарыі ксёндз Павел Эйсмант зачытаў слова брата спачылага святара ксяндза Аляксандра Барылы, у якім той перадусім выказаў падзяку Богу за дар яго жыцця. Адзначыўшы, што Ракаў, дзе ксёндз Дзмітрый распачаў і завяршыў сваё самастойнае святарскае служэнне, быў яго першай і апошняй любоўю, Вілейскі дэкан напісаў:

«Дзякую вам, парафіяне, што зрабілі жыццё ксяндза Дзмітрыя па-сапраўднаму шчаслівым. Ён быў шчаслівым святаром, бо адчуваў вашую любоў, падтрымку, упэўненасць у вас. За тое, што вы былі адной камандай, таму і здолелі зрабіць так шмат. Вы былі аднадумцы, мелі адзін дух, таму вашыя дасягненні прынеслі такі вялікі плён», — падкрэсліў ксёндз Аляксандр Барыла.

Пасля абраду апошняга даручэння і развітання, які ў касцёле правёў біскуп Буткевіч, працэсія з целам спачалага ракаўскага пробашча скіравалася на старадаўнія парафіяльныя могілкі, дзе абрады пахавання правёў біскуп Яшэўскі.

Там, побач з капліцай, якая ў цяжкія гады пераследу веры была адзінай дзеючай у наваколлі святыняй, дзе спачываюць былыя ракаўскія душпастыры, сярод якіх легендарны ксёндз Ян Такарскі SDB, быў пахаваны ксёндз канонік Дзмітрый Барыла, шматгадовы ракаўскі пробашч, каб назаўжды застацца з тымі, каму без рэшты прысвяціў сваё жыццё і святарства.

 

Абноўлена 03.03.2023 00:43
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця