Пошук

02.03.2023 21:21   Catholic.by

На заканчэнне пахавальнай святой Імшы за памерлага ксяндза каноніка Дзмітрыя Барылу, якая адбылася 2 сакавіка ў касцёле Маці Божай Ружанцовай у Ракаве, было зачытана слова ксяндза каноніка Аляксандра Барылы, пробашча парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы і дэкана Вілейскага.

Вашы Эксцэленцыі, святары, законныя браты і сёстры, парафіяне, родныя і госці!

Няхай будзе дазволена ад імя брата, ксяндза Дзмітрыя, падзякаваць усім вам за прысутнасць на пахавальнай урачыстасці.

Дзякуем Богу за дар жыцця ксяндза Дзмітрыя, за яго прыйсце ў гэты свет, за дабрыню яго сэрца, здольнасці, шчырасць, за пакліканне да святарства, багатае жыццё ў святарстве, за яго першую і апошнюю любоў — Ракаў. Тут ён распачаў сваё самастойнае служэнне, тут яго і завяршыў.

Дзякуем Богу праз заступніцтва Маці Божай Ружанцовай, святога Дамініка і святой Ганны.

Дзякую вам, парафіяне, што зрабілі жыццё ксяндза Дзмітрыя па-сапраўднаму шчаслівым. Ён быў шчаслівым святаром, бо адчуваў вашую любоў, падтрымку, упэўненасць у вас. За тое, што вы былі адной камандай, таму і здолелі зрабіць так шмат. Вы былі аднадумцы, мелі адзін дух, таму вашыя дасягненні прынеслі такі вялікі плён.

Былі разам і як моладзевая «банда» (так вы сябе называлі), і пілігрымамі; вы былі здольныя разам праслаўляць Бога і радасна праводзіць час супольна.

Трэба падзякаваць і старэйшаму пакаленню: і тым жывым, моцна схварэлым, і тым, з якімі ксёндз Дзмітрый ужо разам.

Немагчыма агарнуць думкамі і сэрцам усіх тых, якія на працягу дваццаці гадоў дапамагалі будаваць у Ракаве Божае Валадарства.

Калі прыйшла хвароба, як шмат людзей адгукнулася і спяшыла на дапамогу! Колькі прагучала малітваў у розных куточках Беларусі і за яе межамі! Дзякую адміністрацыі Мінскай абласной бальніцы, урачам, медсёстрам, санітаркам.

Прабачце, але не магу падзякаваць пайменна, бо вашыя нумары запісаныя ў маім тэлефоне як «рэанімацыя–субота, рэанімацыя–нядзеля, рэанімацыя–панядзелак». Дзякую Вользе і Ірыне, з якімі перажывалі страх за жыццё ксяндза Дзмітрыя днём і ноччу.

Дзякую тым, хто перанёс хваробу брата з вялікім болем, для каго маленькая іскрынка надзеі была як глыток свежага паветра. Думаю, што тыя разумеюць, каго маю на ўвазе. Нізкі вам паклон.

Вам, дарагая сям’я: мама, браты і вашыя сем’і; тыя, хто не змог прыехаць з Польшчы, але праз малітву вы так блізка з намі.

Нялёгкі мы разам прайшлі шлях у апошннія дні. І сёння мы з верай паўтараем: «Будзь воля Твая».

Дзякую тым, хто ў дні развітання прыбываў, каб маліцца каля труны ксяндза Дзмітрыя. Дзякую за ўдзел у апошнім развітанні і за малітву вам, святары, законныя браты і сёстры, парафіяне, госці; вам, католікі; вам, браты і сёстры праваслаўныя і браты і сёстры іншых веравызнанняў.

Дзякую Вам, ваша Эксцэленцыя арцыбіскуп Юзаф; Вам, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які ў бальніцы, але даслаў спачуванні; вам, біскуп Алег Буткевіч, біскуп Юрый Касабуцкі, біскуп Аляксандр Яшэўскі.

Дзякую і табе, дарагі браце, за ўсё, што нас аб’ядноўвала, за твой прыклад, пачынаючы з дзяцінства, асабліва ў семінарыйным навучанні і ў святарстве.

Многае, чаму ты навучыў, будзе мець працяг цяпер у маім святарстве, пакуль мы не сустрэнемся разам у доме Таго, каму мы разам служылі. А тое, аб чым ты прасіў, будзе выканана і зроблена.

Усім вялікі дзякуй!

Ксёндз Аляксандр Барыла

Абноўлена 03.03.2023 00:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа