Пошук

17.01.2023 09:02   Тэкст: кс. Павел Эйсмант / Фота: кс. Павел Эйсмант, Лізавета Саўкова / Catholic.by

15 студзеня, у Другую Звычайную нядзелю, у парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гомелі (Пінская дыяцэзія), дзе ўжо чатыры гады служаць манахі з Ордэна святога Паўла, першага пустэльніка, адбылася падзея, якую ў суседзяў называюць «Павэлкі».

У гэты дзень у ордэне адзначаецца ўрачыстасць святога Паўла, першага пустэльніка, заступніка і патрыярха супольнасці паўлінаў.

Перад галоўнай святой Імшой усе прысутныя праспявалі гімн у гонар святога. Цэлебрацыю ўзначаліў дапаможны Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец. Разважаючы над нядзельным Евангеллем, у якім успамінаецца святы Ян Хрысціцель, іерарх адзначыў, што святы Павел, першы пустэльнік, быў падобны да святога Яна, які, навучаючы ў Юдэйскай пустыні, меў адзенне з вярблюджай воўны і скураны пас на бёдрах, ежай якому была саранча і дзікі мёд.

Святы Павел так палюбіў Бога, што падчас пераследу веры пайшоў у пустыню, каб там практыкавацца ў цнотах і дасягаць хрысціянскай дасканаласці.

Ён з’яўляецца для нас прыкладам сціплага жыцця ў цішыні, «сам-насам з Богам» — гэтыя словы з’яўляюцца дэвізам ордэна паўлінаў.

Пасля святой Імшы, паводле даўняй паўлінскай традыцыі, пробашч парафіі айцец Леанард Адушкевіч OSPPE пачаставаў усіх прысутных фінікамі, якія некалі спажываў на пустыні святы Павел.

Цяпер у парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гомелі служаць двое паўлінаў: айцец Леанард Адушкевіч OSPPE і айцец Майкл Окіка OSPPE.

 

 

Святы Павел нарадзіўся ў 228 годзе ў Фівах (Егіпет), якія, будучы раней магутным горадам фараонаў і сталіцай старажытнай дзяржавы, у ІІІ стагоддзі ператварыліся ў малую вёску. У раннім узросце страціў бацькоў, атрымаўшы ў спадчыну дастаткова вялікую маёмасць.

У 250 годзе распачаўся пераслед хрысціянаў імператарам Дэцыем. Даведаўшыся аб тым, што яму пагражае небяспека, Павел пакінуў усё і сышоў у пустыню. Праз два гады пераслед скончыўся, аднак малады чалавек настолькі ўпадабаў цішыню пустыні, што вырашыў застацца там да канца жыцця. У адасобленасці пустэльнік пражыў 90 гадоў. Увесь гэты час, паводле сведчання святога Гераніма Стрыдонскага, які напісаў біяграфію першага пустэльніка, святы Павел узносіў гарачыя малітвы да Бога, харчуючыся толькі фінікамі і паловай бохана хлеба, якую штодня прыносіў яму крумкач. Адзеннем манаху служыла вопратка, сшытая з пальмавых лістоў.

У 341 годзе, калі ўжо наблізіўся дзень смерці Паўла, яго наведаў іншы вядомы пустэльнік — святы Антоній. У гэты дзень крумкач прынёс Паўлу цэлы бохан хлеба. Першы пустэльнік адышоў да Пана на руках святога Антонія, маючы 113 гадоў. Святы Антоній перажываў, што не мае сілы выкапаць магілу спачыламу сябру. Тады стаўся цуд: раптам з’явіліся два львы, якія, схіліўшы галовы перад Паўлам, пачалі лапамі рыць зямлю. Таму на гербе ордэна паўлінаў, які быў заснаваны пазней, у 1250 годзе ў Венгрыі благаслаўлёным Эўзэбіем Эстэргомскім, змешчана выява крумкача з боханам хлеба на пальме, побач з якой два львы рыюць зямлю.

Абноўлена 17.01.2023 09:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа