Пошук

28.12.2022 08:34   Samaranin.by

25 снежня, ва ўрачыстасць Нараджэння Пана, у Хрысціянскім сацыяльным цэнтры ў Мінску адбылася значная падзея: урачыстае ўнясенне ў капліцу рэліквій святой Уршулі Ледухоўскай.

Менавіта пад яе апекай дзейнічае дабрачынная місія Добрага Самараніна, заснаваная ў сталіцы Беларусі духоўнымі дочкамі святой Уршулі — сёстрамі Уршулянкамі Сэрца Езуса Канаючага.

Як паведамляецца на сайце місіі Добрага Самараніна Samaranin.by, падчас святой Імшы, якую цэлебраваў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, рэліквіі былі ўнесены ў капліцу і змешчаны каля выявы святой. Ва ўрачыстай цырымоніі ўзяла ўдзел Генеральная настаяцельніца кангрэгацыі сясцёр уршулянак сястра Бэата Мазур і сястра Тэрэса Іван.

Святая Уршуля Ледухоўскай з’яўляецца заснавальніцай Кангрэгацыі Сясцёр Уршулянак Сэрца Езуса Канаючага. Стагоддзе таму яна актыўна займалася педагагічнай дзейнасцю і выхаваннем дзяцей у духу хрысціянскіх каштоўнасцяў у Польшчы, Расіі, Скандынавіі і Даніі.

Заснаваная ёю кангрэгацыя хутка развівалася, былі створаны законныя дамы і місіі ў Польшчы і ў заходніх частках Беларусі і Украіны. Сёстры займаліся дзіцячымі садкамі, школамі, апекаваліся хворымі і нямоглымі. Сёння сёстры ўршулянкі, жывучы харызмай сваёй заснавальніцы, працуюць сярод дзяцей і моладзі ў шматлікіх краінах свету, у тым ліку ў Беларусі.

Слова «рэліквіі» з лацінскай мовы перакладаюцца як «парэшткі». Звычайна гэта парэшткі, часцінкі цела або асабістых рэчаў святога, змешчаных у адмыслова аздобленым начынні — рэлікварыі. Ён можа быць як вялікім саркафагам, так і невялікіх памераў.

Рэліквіі святой Уршулі Ледухоўскай уяўляюць часцінкі яе скуры, якія змясцілі ў металічны рэліквіяр круглай формы, аздоблены крышталём, абвязаны шаўковай ніццю чырвонага колеру і апячатаны.

Як адзначаецца на сайце місіі, фізічная сустрэча са святой асобай праз пасрэдніцтва яе рэліквій дае магчымасць усвядоміць рэальнасць нашай веры. Дзеянне Бога, жыццё святых — гэта не проста словы, а найперш людзі з цела і крыві, якія жылі сярод нас і дасягнулі вяршыняў святасці. Малітоўнае ўшанаванне рэліквій дапамагае больш рэальна перажыць сустрэчу са святой асобай.

Абноўлена 28.12.2022 16:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа