Увечары ў аўторак 3 снежня адбылося ўрачыстае ўнясенне ў рымскую базыліку святога Барталамея на востраве Тыбэртына рэліквій благаслаўлёных сясцёр Марыі Стэлы і дзесяці яе паплечніц з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта, мучаніц з Навагрудка, якія аддалі жыццё падчас Другой сусветнай вайны.
Ва ўрачыстай цырымоніі бралі ўдзел сёстры назарэтанкі з розных краін свету, у тым ліку і з Беларусі.
Як паведаміла Польская рэдакцыя парталу Vatican News, з гэтай нагоды ў базыліцы, якая з’яўляецца санктуарыем новых мучанікаў ХХ–ХХІ стагоддзяў, на табэрнакулюм быў змешчаны вэлюм, вышыты адной з мучаніц, які выкарыстоўваўся супольнасцю назарэтанак у Навагрудку.
«Іх прыклад у часы, калі здавалася, што пануюць вайна і насілле, заклікае нас супрацьстаяць несправядлівасці, будаваць свет, у якім мы будзем жыць не як ворагі, але як браты і сёстры», — сказаў біскуп Амброджо Спрэафіка, які ўзначаліў цырымонію ўнясення рэліквій благаслаўлёных мучаніц з Навагрудка ў базыліку святога Барталамея. «Гэтыя сёстры ахвяравалі сваё жыццё, каб іншыя маглі жыць. Нянавісць да ўсяго хрысціянскага абрынулася на гэтых безабаронных законніц. Яны былі моцнымі толькі дзякуючы сваёй малітве да Бога», — сказаў біскуп Спрэафіка ў прысутнасці шматлікіх вернікаў, якія сабраліся ў рымскай базыліцы супольнасці Святога Эгідыя. «З Божай ласкі гэтыя жанчыны, на выгляд слабыя, ажно да мучаніцкай смерці сведчылі аб моцы Евангелля. Сведчанне гэтых мучаніц заклікае нас даверыцца моцы пакорных і малых, якія спадзяюцца на Бога», — дадаў іерарх.
Сястра Анджэла Марыя Мадзэо, Генеральная настаяцельніца сясцёр назарэтанак, падзякавала прысутным за прыбыццё на ўрачыстасць, каб «ушанаваць ахвяру навагрудскіх мучаніц — сястры Марыі Стэлы і яе дзесяці паплечніц, а таксама іх сведчанне надзеі на жыццё, якое не мае канца».
Цырымонія ў базыліцы святога Барталамея на востраве Тыбэртына была арганізавана Кангрэгацыяй Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта, да якой належалі благаслаўлёныя сёстры, а таксама супольнасцю Святога Эгідыя, якая апякуецца базылікай-санктуарыем.
Сёлета адзначаецца юбілей 150-годдзя з часу заснавання Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта.
Сёння сёстры назарэтанкі прцягваюць несці служэнне ў Навагрудку і ў іншых мясцінах Беларусі, у тым ліку ў Апостальскай Нунцыятуры ў Мінску.