Пошук

09.12.2022 19:59   Тэкст і фота: Мікола Гракаў / Відэа: mlyn.by / Catholic.by

9 снежня ў Стоўбцах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) адбылася цырымонія перадачы і перапахавання ў новазбудаваным касцёле святога Казіміра парэшткаў Слугі Божага айца Фабіяна Малішоўскага, дамініканіна.

У сярэдзіне XVII стагоддзя айцец Фабіян Малішоўскі ОР быў прыёрам дамініканскага кляштара ў Стоўбцах. Менавіта пры ім у горадзе быў пабудаваны мураваны касцёл святога Казіміра. Айцец Фабіян памёр у меркаванай святасці і быў пахаваны ў крыпце пабудаванай ім святыні. Як сведчаць гістарычныя дакументы, на месцы пахавання манаха адбываліся цуды, што давала падставы для распачацця яго беатыфікацыйнага працэсу.

Нядаўна намаганнямі пробашча парафіі святога Казіміра ксяндза каноніка Ігара Лашука, дэкана Стаўпецкага, парэшткі айца Фабіяна Малішоўскага былі адшуканыя ў Стоўбцах на месцы, дзе калісьці ўзносіўся касцёл святога Казіміра, зруйнаваны ў савецкія часы.

У адпаведнасці з заканадаўствам, знойдзеныя парэшткі былі перададзены ў следчы камітэт для высвятлення іх прыналежнасці, хоць ужо пры іх адшуканні пэўныя прызнакі ўказвалі на тое, што было знойдзена пахаванне славутага стаўпецкага прыёра.

Ідэнтыфікаваныя кампетэнтнымі спецыялістамі парэшткі былі ўрачыста перададзены прадстаўнікамі следчага камітэту парафіі святога Казіміра для іх перапахавання ў касцёле. Адапаведны акты перадачы парэшткаў быў урачыста падпісаны ў святыні.

Ва ўрачыстай цырымоніі ўзялі ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі, найстарэйшы беларускі іерарх і дамініканін біскуп Казімір Велікаселец ОР, айцы дамінікане, сёстры святога Дамініка, святары і афіцыйныя асобы, у тым ліку Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак, старшыня Стаўпецкага райвыканкама Дзяніс Калясень і прадстаўнікі следчага камітэту.

Перад цырымоніяй нунцый Ёзіч і арцыбіскуп Станеўскі ў памяшканні райвыканкама сустрэліся са старшынёй Мінскага абласнога выканаўчага камітэту Аляксандрам Турчыным і прадстаўнікамі мясцовай улады, з якімі абмеркавалі далейшыя кірункі развіцця ўзаемадзеяння паміж Касцёлам і дзяржавай на карысць каталіцкай супольнасці і ўсіх грамадзянаў Беларусі.

Кіраўнік сталічнага рэгіёна пацікавіўся перспектывамі магчымай беатыфікацыі айца Фабіяна Малішоўскага, а таксама паабяцаў спрыянне дзяржавы ў рэалізацыі сумесна з Касцёлам ініцыятываў, якія будуць спрыяць далейшаму развіццю Міншчыны і захаванню гісторыка-культурнай спадчыны.

Апоўдні перад касцёльнай брамай духавенства і вернікі на чале з высокімі іерархамі і прадстаўніком Папы Францішка ў нашай краіне сустрэлі парашткі айца Фабіяна, якія былі дастаўлены ў святыню прадстаўнікамі следчага камітэту. З пашанай яны былі перанесены ў касцёл, дзе іх, паводле даўняй традыцыі, ашчадна склалі ў драўляны саркафаг у форме чалавечага цела, апранутага ў дамініканскае манаскае адзенне і святарскую стулу.

Вікарый стаўпецкай парафіі ксёндз Дзмітрый Іваноў прачытаў даклад, у якім распавёў пра жыццё айца Фабіяна і той культ, які ўзнік сярод вернікаў Стоўбцаў пасля яго смерці ў сувязі з тым, што на месцы пахавання дамініканіна адбываліся цуды.

Пры парэштках Слугі Божага адбылася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп Станеўскі. Перад пачаткам Эўхарыстыі іерарх адзначыў, што айцец Фабіян Малішоўскі прапаведаваў продкам сённяшніх жыхароў Стоўбцаў Божае Слова, несучы ім «Евангелле на далоні».

Арцыпастыр заахвоціў прысутных таксама несці Хрыста сваім блізкім, каб такім чынам наследаваць прыклад айца Фабіяна і працягваць яго высакародную справу ў сучасным свеце.

Гамілію падчас Імшы прамовіў біскуп Аляксандр Яшэўскі, які засяродзіўся на значэнні ўшанавання святых у Каталіцкім Касцёле. Іерарх звярнуў увагу на тое, што ў сучасным свеце часта ствараецца культ нічога не вартых ідалаў, але пры гэтым вельмі не хапае высокіх духоўных і маральных аўтарытэтаў, якімі з’яўляюцца для вернікаў святыя. Іерарх заахвоціў наследаваць прыклад святых, а таксама прасіць іх заступніцтва. Пры гэтым ён заўважыў, што слова заступніцтва (intercessio) ў перакладзе з лаціны азначае «хадзіць паміж», дадаўшы, што «святыя нібы ходзяць паміж намі і Хрыстом», заносячы да Яго нашыя просьбы і выпрошваючы ў Яго для нас патрэбныя ласкі.

На заканчэнне святой Імшы да прысутных з кароткай прамовай звярнуўся нунцый Ёзіч. Прадстаўнік Папы Францішка ў Беларусі, у прыватнасці, сказаў: «Сёння мы сталі ўдзельнікамі ўрачыстай падзеі: адшуканыя ксяндзом Ігарам Лашуком парэшткі, якія з усёй верагоднасцю належаць Слузе Божаму Фабіяну Малішоўскаму, цяпер будуць знаходзіцца ў новым парафіяльным касцёле, які таксама мае тытул святога Казіміра.

Такім чынам, у Год гістарычнай памяці Стоўбцы вяртаюць памяць пра таго, хто сваім служэннем прычыніўся да духоўнага ўзрастання людзей, якія на працягу стагоддзяў жылі на гэтай зямлі. Няхай прыклад айца Фабіяна натхняе сённяшніх жыхароў Стоўбцаў на вялікія і святыя справы ў імя дабра і любові, а яго заступніцтва няхай сцеражэ ваш горад і яго насельніцтва ад кожнага зла, якое пагражае душы і целу».

На заканчэнне сваёй прамовы Апостальскі нунцый узгадаў таксама слаўнага сына стаўпецкай зямлі Якуба Коласа.

«Ваш вялікі суайчыннік Якуб Колас у сваёй славутай паэме выказаў мару вашых продкаў пра „новую зямлю“.

Няхай жа гэтыя спрадвечныя мары вашага народа здзейсняцца. Няхай сыдзе Дух Святы і адновіць аблічча гэтай зямлі»,— пажадаў нунцый Антэ Ёзіч, перадаўшы ўсім прысутным сведчанне духоўнай блізкасці Папы Францішка і яго Апостальскае благаслаўленне, а таксама ружанцы ад Святога Айца. Адзін з іх быў змешчаны побач з парэшткамі айца Фабіяна на знак заступніцкай малітвы Слугі Божага, а другі атрымаў пробашч, каб маліцца на ім разам з парафіянамі.

Пасля Імшы парэшткі Слугі Божага Фабіяна Малішоўскага былі з пашанай перанесены ў асаблівае месца збоку ад уваходу ў святыню.

Там яны будуць спачываць да таго часу, пакуль Касцёл афіцыйна не абвесціць спачылага стаўпецкага прыёра благаслаўлёным, што зробіць магчымым яго публічны культ.

Зверху саркафаг быў накрыты шклом і парчовай тканінай, на якой былі змешчаны Укрыжаванне і нажніцы, па якіх пазналі, што знойдзеныя парэшткі сапраўды належаць Слузе Божаму Фабіяну Малішоўскаму.

 

Абноўлена 09.12.2022 20:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця