Пошук

23.11.2022 16:41   А. Юрый Кулай OCD / Фота: з архіву вікарыяту / Catholic.by

21 лістапада ў кляштары айцоў кармэлітаў босых у Мядзелі адбылася ўрачыстасць мясцовай структуры гэтага манаскага ордэна ў Беларусі — Рэгіянальнага вікарыяту, апекуном якога з’яўляецца святы Рафал Каліноўскі.

На сустрэчу ў Мядзел прыбылі кармэліты таксама з іншых дамоў ордэна: з Гудагая, Нарачы і Мінска. Рэгіянальны вікарый айцец Пётр Фраштэнга OCD прывітаў усіх прысутных, выказаўшы спадзяванне, што асоба святога Апекуна вікарыяту паспрыяе ўмацаванню повязяў братэрства ў служэнні Богу і Касцёлу ў нашай Бацькаўшчыне.

На ўрачыстасць у якасці ганаровага госця быў запрошаны арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.

Заслужаны іерарх, жыццё і служэнне якога, падобна як і гісторыя святога Рафала Каліноўскага, звязаны з трыма краінамі-суседкамі нашага рэгіёна — Беларуссю, Літвой і Расіяй, — прадставіў даклад на тэму «Святы Рафал Каліноўскі — прыклад аднаўлення адносін з Богам», у якім распавёў пра жыццё і духоўнасць святога кармэліта.

Арцыбіскуп Кандрусевіч у сваім дакладзе яскрава паказаў шлях веры святога Рафала Каліноўскага: шлях, які быў напоўнены рознымі выпрабаваннямі і сумневамі, але прывёў будучага святога не толькі да Бога, але таксама і да манаскага служэння. Арцыбіскуп адзначыў, што яго «жыццёвы шлях не быў лёгкім, бо ён перажыў час аслаблення і нават пэўнага крызісу веры, які праяўляўся ў занядбанні практыкі малітоўнага і сакрамэнтальнага жыцця. Аднак пад уздзеяннем Духа Святога і дзякуючы грамадска-палітычным падзеям таго часу, асабліва досведу ссылкі ў Сібір, ён стаў на шлях навяртання.

З ваенннага інжынера, заданнем якога было будаўніцтва крэпасцяў, стаў „духоўным інжынерам“ з мэтай будаваць духоўныя крэпасці, каб не дазволіць злому духу апанаваць чалавека», — падкрэсліў арцыпастыр.

Паколькі ў гэты дзень Касцёл адзначаў успамін Ахвяравання Найсвяцейшай Панны Марыі, іерарх заўважыў, што, углядаючыся ў Багародзіцу і наследуючы Яе прыклад, святы Рафал усё сваё жыццё таксама прысвяціў Богу. Акарамя таго, у сваім дакладзе заслужаны іерарх падзяліўся сваім багатым і разнастайным досведам душпастырскага служэння ў Літве, Расіі і Беларусі.

Сустрэча працягнулася адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту і супольнай Эўхарыстыяй, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп Кандрусевіч. У прамоўленай гаміліі ён напачатку падкрэсліў значэнне свята ахвяравання Панны Марыі, якое нагадвае праўду пра тое, што «Марыя была прадвызначана Богам для вялікай збаўчай місіі, да якой рыхтавалася, выхоўваючыся пры Ерузалемскай святыні».

«Падобна, як місіяй Марыі было выконваць Божую волю, таксама павінен рабць і кожны чалавек, адным з якіх быў святы Рафал Каліноўскі, — адзначыў арцыпастыр. —

Святасць дасягаецца праз любоў да Езуса і да бліжняга. Святы Рафал Каліноўскі жыў гэтай праўдай настолькі, што ўжо пры жыцці яго лічылі святым. Ён любіў Бога ў іншым чалавеку. Малітва для яго была крыніцай цярпялівасці, трываласці, паратунку, суцяшэння і жыцця», — сцвердзіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Дзень вікарыяту завяршыўся супольным пасілкам і рэкрэацыяй, Праз малітву і братэрскае прабыванне разам кармэліты дзякавалі за дар паклікання і радаваліся дару супольнасці, якую Бог паклікаў несці Яго святло і любоў на нашай зямлі ў духу харызмы іх ордэна.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця