Пошук

22.11.2022 10:33   Яна Чайко / Catholic.by

У суботу 19 лістапада беларуская каталіцкая моладзь Варшавы разам са сваім душпастырам ксяндзом Яўгенам Вінтовым зладзіла пілігрымку ў Чэнстахову.

У санктуарыі на Яснай Гары, дзе знаходзіцца старадаўні цудадзейны абраз Маці Божай Чэнстахоўскай, моладзь сустрэў дыякан Сяргей Калюта з манаскага ордэна святога Паўла Першага Пустэльніка, які сам паходзіць з Беларусі. Ён правёў для пілігрымаў экскурсію, падчас якой пазнаёміў з гісторыяй цудоўнага месца і распавёў пра паўлінаў — манахаў, якія апякуюцца санктуарыем.

Цэнтральным момантам пілігрымкі стала святая Імша ў надаўна адкрытай капліцы святога Яна Паўла ІІ. У прамоўленай гаміліі ксёндз Яўген Вінтоў засродзіўся на тым, як праз Марыю мы крочым да Езуса, і які неабходны такі шлях у нашым штодзённым жыцці.

У другой палове дня маладых беларускіх пілігрымаў запрасілі правесці ружанцовую малітву на роднай мове перад цудадзейным абразом Маці Божай Чэнстахоўскай.

Пасля малітвы працягнулася экскурсія па санктуарыю, на заканчэнне якой моладзь падзякавала дыякану Сяргею за праведзены разам час.

Сустрэчы для беларускай каталіцкай моладзі адбываюцца ў Варшаве пры парафіі святога Аляксандра, што на плошчы Трох Крыжоў (Душпастырства беларусаў, дольны касцёл), па панядзелках пасля Імшы а 18-й гадзіне.

Акрамя душпастырства ў Варшаве, існуюць супольнасці беларусаў-католікаў у іншых польскіх гарадах: Гданьску, Уроцлаве, Любліне, Кракаве, Лодзі і Беластоку.

Кантактная інфармацыя ТУТ>>>

 

Абноўлена 22.11.2022 10:36
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця