Пошук

11.11.2022 18:06   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Кс. Аляксандр Улас / Catholic.by

11 лістапада ў Апостальскай нунцыятуры ў Мінску адбылося святочнае мерапрыемства з нагоды 30-годдзя ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Святым Пасадам.

Адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Святым Пасадам былі ўсталяваныя 11 лістапада 1992 года шляхам падпісання ў Мінску сумеснага Пратакола. Бакі ўсталявалі дыпламатычныя адносіны на ўзроўні пасольства з боку Рэспублікі Беларусь і Апостальскай нунцыятуры з боку Ватыкана.

У святочным мерапрыемстве ў дыпламатычным прадстаўніцтве Святога Пасаду ўзялі ўдзел Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч, Першы намеснік Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі пры Святым Пасадзе Сяргей Алейнік, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак, біскупы Касцёла на Беларусі, святары, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, органаў дзяржаўнай улады, Беларускай Праваслаўнай Царквы і іншых традыцыйных канфесій, супрацоўнікі Апостальскай нунцыятуры і свецкія вернікі.

На пачатку ў выкананні струннага квартэта Беларускай дзяржаўнай філармоніі прагучалі гімны Святога Пасаду і Рэспублікі Беларусь, пасля чаго нунцый Ёзіч шчыра прывітаў усіх прысутных.

У сваім прывітальным слове прадстаўнік Папы Францішка ў нашай краіне адзначыў, што, хоць афіцыйныя дыпламатычныя адносіны звязваюць Святы Пасад і Беларусь на працягу толькі трох дзесяцігоддзяў, яны сталі натуральным працягам тых сувзяў, што ўзніклі на золку гісторыі беларускага народа і на працягу стагоддзяў развіваліся і ўмацоўваліся.

Апостальскі нунцый коратка звярнуўся да гісторыі хрысціянства і каталіцтва на тэрыторыі сучаснай Беларусі, асаблівым чынам узгадаўшы пасольствы ад Вялікага Княства Літоўскага ў Рым пад кіраўніцтвам біскупа Эразма Цёлка (Вітэлія), у якіх браў удзел таксама беларускі лацінскамоўны паэт эпохі Адраджэння Мікола Гусоўскі, каталіцкі святар і аўтар славутай «Песні пра зубра». Нунцый Ёзіч сцвердзіў, што гэтыя пасольствы «без празмернага перабольшання можна лічыць першай ластаўкай будучых дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Святым Пасадам».

Папскі дыпламат нагадаў, што 11 лістапада 1992 года Папа Ян Павел ІІ выдаў Апостальскае пасланне Quantam tandem аб заснаванні ў Мінску Апостальскай нунцыятуры, пасля чаго першым Апостальскім нунцыем у Рэспубліцы Беларусь быў прызначаны арцыбіскуп Габрыэле Мантальва Ігера. Нунцый Ёзіч распавёў пра тры дзесяцігоддзі дыпламатычных адносін, з удзячнасцю пералічыўшы ўсіх сваіх папярэднікаў, якія неслі служэнне Апостальскіх нунцыяў у Беларусі: арцыбіскупаў Агасціно Маркэта, Дамініка Грушоўскага, Івана Юркавіча, Марціна Відавіча, Клаўдыё Гуджэроцці і Габара Пінтэра.

Прадстаўнік Святога Айца ў нашай краіне таксама адзначыў вялікі ўнёсак у развіццё двухбаковых адносін Сяргея Алейніка, які ўжо пятнаццаты год з’яўляецца паслом Беларусі пры Святым Пасадзе, і выказаў яму сваю асабістую глыбокую ўдзячнасць.

Паводле нунцыя Ёзіча, адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Святым Пасадам «выходзяць па-за стандартныя дыпламатычныя межы і ахопліваюць шырокі спектр духоўных, культурных, навуковых і гуманітарных сувязяў, якія маюць пад сабою трывалы шматвяковы падмурак».

«Нягледзячы на цяперашнія цяжкасці і шэраг праблем, якія патрабуюць узважанага падыходу і канкрэтных неадкладных рашэнняў, Святы Пасад па-ранейшаму застаецца адкрытым для рэалізацыі сумесных з Рэспублікай Беларусь намаганняў, скіраваных на падтрымку грамадзянскай супольнасці, дапамогу патрабуючым і церпячым, забеспячэнне міру, стабільнасці, дабрабыту і захавання правоў усіх грамадзянаў без адрознення, незалежна ад іх поглядаў і перакананняў», — сцвердзіў Апостальскі нунцый.

Выказаўшы надзею на «далейшае паглыбленне і развіццё двухбаковых адносінаў дзеля дабра шматлікай супольнасці каталіцкіх вернікаў у Беларусі, а таксама ўсяго беларускага народа», нунцый Антэ Ёзіч запрасіў усіх прысутных спрыяць гэтаму сваёю працаю і малітвамі.

З прамовай выступіў таксама Першы намеснік Міністра замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік.

Высокі беларускі дыпламат падкрэсліў, што Святы Пасад заўсёды быў надзейным партнёрам Рэспублікі Беларусь на міжнароднай арэне. Пасол Беларусі пры Святым Пасадзе адзначыў таксама супольныя прыярытэты абодвух бакоў: імкненне да сацыяльнай справядлівасці і захаванне традыцыйных каштоўнасцяў.

Пасля прамоваў Антэ Ёзіч і Сяргей Алейнік абмяняліся прывітальнымі адрасамі, якія скіравалі адно аднаму Сакратар па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі Дзяржаўнага Сакратарыяту Святога Пасаду арцыбіскуп Пол Рычард Галагер і Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.

З кароткай прамовай да прысутных звярнуўся таксама Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату падкрэсліў важнасць для мясцовага Касцёла прысутнасці Апостальскага нунцыя, у якой выяўляецца блізкасць Папы Францішка і адзінства з усім каталіцкім светам.

Віншаванне ад Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна перадаў прадстаўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіерэй Аляксандр Шымбалёў.

Важным момантам святкавання стала ўрачыстае гашэнне паштовай маркі «30-годдзе ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Святым Пасадам», выпушчанай у абарачэнне Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь.

Канверты першага дня з маркамі пагасілі памятным штэмпелем Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч і Першы намеснік Міністра замежных спраў Сяргей Алейнік.

Аналагічная марка будзе выпушчана ў абарачэнне ў Ватыкане 16 лістапада.

 

Абноўлена 11.11.2022 19:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа