Пошук

23.08.2022 13:01   Тэкст і фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

20–21 жніўня ў гарадскім Палацы культуры горада Маладзечна (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) адбылася выстава копій цудадзейных абразоў Маці Божай з Марыйных санктуарыяў Беларусі, перэгрынацыя якіх ужо другі год адбываецца па парафіях нашай краіны.

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, маладзечанскае каталіцкае духавенства і прадстаўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Адметнасцю перэгрынацыі абразоў Маці Божай, якая адбываецца па ініцыятыве ксяндза каноніка Уладзіслава Завальнюка, пробашча мінскай парафіі святога Сымона і святой Алены, з’яўляецца тое, што копіі цудадзейных ікон не толькі наведваюць касцёлы, але таксама экспануюцца ў свецкіх культурных установах. Першая падобная выстава ў межах перэгрынацыі адбылася ў маі ў Гомелі, а гэтым разам прайшла ў Маладзечне, на радзіме мастачкі Ядзвігі Сянько, якая стварыла ўсе гэтыя копіі абразоў з беларускіх Марыйных санктуарыяў.

На адкрыцці выставы духоўны кіраўнік перэгрынацыіі ксёндз Станіслаў Станеўскі CSsR прывітаў гасцей і жыхароў Маладзечна.

«Сёння хочам яшчэ раз паглядзець у вочы нашай Матулі ў гэтых копіях цудадзейных абразоў з нашай краіны, як гэта рабілі нашыя продкі». Коратка распавёўшы пра перэгрынацыю, якая ўжо другі год адбываецца ў нашай краіне, святар дадаў, што гэтыя выявы Божай Маці з розных мясцін Беларусі з’яўляюцца бачным сведчаннем таго, наколькі моцная любоў і пашана да Марыі з даўніх часоў існуе ў беларускага народа.

Са словам пастыра да прысутных звярнуўся арцыбіскуп Кандрусевіч. Заслужаны іерарх аднёсся да евангельскага аповеду пра адведзіны Марыяй святой Альжбеты. Натхнёная Духам Святым Альжбета ўсклікнула: «Адкуль гэта мне, што Маці майго Збаўцы прыходзіць да мяне».

«Сёння хочацца паўтарыць гэтыя словы Альжбеты, бо хто з нас 30 гадоў таму мог уявіць сабе падзею, якая сёння адбываецца?..

Марыя ў копіях цудадзейных абразоў наведвае Маладзечна — горад, дзе ў часы ваяўнічага атэізму не было ніводнага касцёла.

Сустрэча Марыі з Альжбетай не была толькі сустрэчай дзвюх жанчын у благаслаўлёным стане, але стала таксама сустрэчай яшчэ ненароджаных Езуса і Яна Хрысціцеля», — зазначыў арцыпастыр, дадаўшы, што, паводле Папы Бэнэдыкта XVI, «хрысціянства — гэта не збор нормаў і правіл, але сустрэча з асобай Хрыста».

«Найкарацейшай дарогай да Езуса з’яўляецца Марыя», — падкрэсліў іерарх, выказаўшы надзею на тое, што выстава копій цудадзейных абразоў Багародзіцы ў Маладзечне будзе весці людзей да асабістай сустрэчы з Езусам. На думку арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, выстава таксама будзе спрыяць развіццю міжканфесійных і міжасобасных адносін, а таксама кансалідацыі грамадства вакол традыцыйных духоўных каштоўнасцяў беларусаў.

У адкрыцці выставы ўзялі ўдзел каталіцкія святары: пробашч маладзечанскай парафіі святога Юзафа ксёндз прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, дэкан Маладзечанскі, настаяцель мясцовай супольнасці Меншых Братоў Капуцынаў брат Андрэй Жылевіч OFMCap, а таксама пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцйшай Панны Марыі ў Красным ксёндз Павел Шылак.

У якасці прадстаўніка Беларускай Праваслаўнай Царквы з прывітальным словам да прысутных звярнуўся сакратар епархіяльнага ўпраўлення Маладзечанскай епархіі, благачынны цэркваў Маладзечанскай акругі протаіерэй Віталій Багданёнак. Ад імя епіскапа Маладзечанскага і Стаўбцоўскага Паўла ён павіншаваў маладзечанцаў і гасцей выставы з адкрыццём экспазіцыі выяў Багародзіцы. Праваслаўны святар выказаў пажаданне, каб Маці Божая праз Яе ўсеміласцівы клопат абараняла нас ад усяго злога і накіроўвала ўсіх нас да свайго ўмілаванага Сына Езуса Хрыста.

Прадстаўнік Праваслаўнай Царквы таксама скіраваў словы падзякі арганізатарам духоўна-культурнай падзеі і асабіста мастачцы Ядзвізе Сянько: «Дзякую за вашае служэнне і талент, які вам быў дадзены Богам; што вы яго не закапалі, а яго прыўмножылі.

Асаблівая радасць заключаецца ў тым, што вы пішыце ўсе іконы ў сваім горадзе Маладзечна, а сімвалам горада з’яўляецца Прасвятая Уладарка наша Багародзіца. Дай нам Бог, каб мы заўсёды заставаліся вернымі дзецьмі і сынамі нашай святой Царквы», — дадаў протаіерэй Віталій Багданёнак.

Ад імя мясцовых уладаў выказалася старшыня аддзела арганізацыйна-кадравай работы Маладзечанскага райвыканкама Жанна Карповіч:

«Гэта духоўная сіла, якая вядзе нас наперад, незалежна ад таго хто мы — католікі ці праваслаўныя — мы веруючыя людзі. У нашым сучасным свеце вельмі шмат што змянілася, але я лічу галоўнае, каб вера была ў душы чалавека, тады свет будзе жыць», — падкрэсліла прадстаўнік дзяржаўнай улады.

На адкрыцці выставы выступіла таксама іканапісец Ядзвіга Сянько, якая сёлета адзначае 25 гадоў творчай дзейнасці. За гэты час шмат выстаў яе прац было зладжана ў Беларусі і за яе межамі, а напісаныя ёй абразы можна сустрэць як у каталіцкіх, так і ў праваслаўных святынях нашай Бацькаўшчыны.

Выказаўшы словы падзякі ксяндзу Уладзіславу Завальнюку, натхняльніку перэгрынацыі абразоў Багародзіцы па Беларусі, мастачка падзялілася з прысутнымі сваімі думкамі адносна гэтага.

«Я вельмі радая, што прымаю удзел у такім духоўным праекце. Бачу, як людзі у парафіях урачаста сустракаюць гэтыя копіі цудадзейных абразоў з беларускіх санктуарыяў, і з Марыйнымі спевамі праслаўляюць Багародзіцу, чый вобраз заўсёды нясе супакой», — падкрэсліла Ядзвіга Сянько.

Пасля адкрыцця выставы, у малой зале палаца адбыўся канцэрт у дзвух частках. Пад кіраўніцтвам парафіянкі і дырыжора Ірэны Туровіч Нябесную Матулю праславіў дзіцяча-моладзевы хор маладзечанскай парафіі святога Казіміра «Зярняткі». У другой частцы разам з салістам ансамбля «Класік-авангард» Канстанцінам Дарашэнкам (альт) і Ірынай Апалінскай (фартэпіяна) выступіла оперная і камерная спявачка Юлія Казіміровіч.

Наступным этапам перэгрынацыі копій цудадзейных абразоў Маці Божай з Марыйных санктуарыяў Беларусі стане наведванне парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў вёсцы Канстанцінава (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Мядзельскі дэканат), якое распачнецца 26 жніўня.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.