Пошук

17.05.2022 11:09   Тэкст і фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

14 і 15 мая ў Гомелі была арганізавана выстава копій цудадзейных абразоў Маці Божай з беларускіх санктуарыяў, якія перэгрынуюць па краіне.

Удзел у гэтай духоўна-культурнай падзеі ўзялі арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец, а таксама праваслаўны архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі Стэфан і Вікарый Гомелскай епархіі епіскап Светлагорскі Амвросій.

Мерапрыемства адбывалася ў Гомельскім абласным драматычным тэатры.

На працягу двух дзён жыхары і госці горада на Сожы маглі пазнаёміцца з копіямі Марыйных абразоў, якія год таму абышлі Беларусь у перэгрынацыі ўздоўж межаў нашай краіны.

Тады абразы былі толькі праездам у Гомелі, а цяпер засталіся ў другім па велічыні беларускім горадзе на тыдзень.

Пра леташнюю перэгрынацыю абразоў распавёў ксёндз Яўген Эйсмант SAC. Ён адзначыў, што, калі падчас пандэміі нельга было здзяйсніць пілігрымкі ў Марыйныя санктуарыі, была арганізавана перэгрынацыя копій цудадзейных абразоў на аўтамабілях працягласцю больш за тры тыс. кіламетраў. Ёй спадарожнічалі тры асноўных інтэнцыі: аб спыненні каранавірусу, аб супакоі і адраджэнні веры на нашай зямлі і ва ўсім свеце, а таксама аб хутчэйшай адбудове пасля пажару Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай.

Да сабраных перад копіямі цудадзейных абразоў звярнуўся з пастырскім словам арцыбіскуп Кандрусевіч, які раскрыў старадаўняе ўяўленне пра ікону як пра «вакно ў духоўны свет». «Тое, што Евангелле перадае словамі, ікона перадае колерамі. Таму ікона з’яўляецца Евангеллем у колерах і адным са шляхоў, на якіх Бог аб’яўляе сябе чалавеку. <...>

Моцна развітое ў Касцёле і ў Царкве ўшанаванне Марыі яднае католікаў і праваслаўных у супольным адказе на выклікі часу з мэтай абараняць хрысціянскія каштоўнасці», — падкрэсліў заслужаны каталіцкі іерарх.

Арцыбіскуп Кандрусевіч заўважыў, што гэтае культурна-рэлігійнае мерапрыемства было арганізавана пры ўдзеле Каталіцкага Касцёла, Праваслаўнай Царквы і дзяржаўнай улады, што спрыяе развіццю міжканфесійных і касцёльна-дзяржаўных адносін.

Словы падзякі арганізатарам духоўна-культурнай падзеі выказаў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама Дзяніс Язерскі.

Чыноўнік пажадаў, каб такіх ініцыятываў, якія ўмацоўваюць людзей духоўна, на тэрыторыі вобласці было больш.

Сваімі перажываннямі падзялілася Ядвіга Сянько, чыёй рукой былі намаляваны копіі ікон. Мастачка прызналася, што калі стварала копіі першых васьмі абразоў, не чакала, што іконы наведаюць так шмат розных мясцін і што будуць дапісаныя яшчэ пяць копій.

Да сабраных прамовіў таксама біскуп Велікаселец, які заахвоціў да малітвы і раздаў абразкі з выявай Маці Божай.

Падчас выставы з духоўнай музычнай праграмай на сцэне драмтэатра выступіў парафіяльны хор мінскага касцёла святога Сымона і святой Алены «Голас душы», а на наступны дзень тут гучалі спевы праваслаўных хораў.

З драмтэатра абразы Маці Божай былі перавезены ў гомельскі касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі па адрасе: вул. Савецкая, 118.

У гэтай святыні копіі ікон будуць знаходзіцца да 20 мая, пасля чаго іх прывітаюць вернікі парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Шклове.

 

Абноўлена 17.05.2022 11:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа