16 і 17 ліпеня ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль ў Гудагаі адбыліся адпустовыя ўрачыстасці ў 15-ю гадавіну каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Шкаплернай папскімі каронамі.
Цэлебрацыю заключнай святой Імшы ў другі дзень фэсту ўзначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.
Разам з ім у ёй узялі ўдзел Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, найстарэйшы беларускі іерарх біскуп Казімір Велікаселец, біскуп Юрый Касабуцкі, а таксама вялікая колькасць святароў, перадусім з ордэна кармэлітаў босых, якія апякуюцца Гудагайскім санктуарыем.
Усіх прысутных на ўрачыстасцях вернікаў і пілігрымаў з розных мясцін Беларусі і з-за мяжы, перадусім з суседняй Літвы, прывітаў пробашч гудагайскай парафіі і кусташ санктуарыя айцец Аркадзь Куляха OCD.
У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч перадусім узгадаў каранацыю абраза Маці Божай Гудагайскай, што адбылася 15 гадоў таму, падкрэсліўшы, што каранацыя ікон Багародзіцы — «гэта перадусім знак удзячнасці Марыі за ўдзел у справе нашага збаўлення, апекі над намі, пашаны да Яе і пашырэння Яе культу».
Заслужаны іерарх нагадаў таксама аб фацімскім прароцтве Панны Марыі аб навяртанні нашага краю пасля эпохі ваяўнічага атэізму, аб чым маліліся людзі ў Гудагаі ў часы ганенняў.
Дзякуючы Богу і Найсвяцейшай Маці за ласку адраджэння Касцёла на нашых землях, арцыпастыр адзначыў пэўныя негатыўныя тэндэнцыі сучаснага свету, пра якія казаў у дзень каранацыі цудадзейнага абраза 15 гадоў таму, а таксама звярнуў увагу на новыя выклікі, што з’явіліся ў апошні час.
«Навяртанне — гэта няпросты працэс для нас, нашчадкаў атэістычнага мінулага, што ў спалучэнні з тэндэнцыямі секулярызму, маральнага рэлятывізму, лібералізму і спажывальніцтва ўяўляе сабой пагрозу для нашага духоўнага развіцця. Чалавек сёння часта жыве так, быццам Бог увогуле не існуе, і ставіць сябе на Яго месца.
Сям’я як падмурак грамадства перажывае нябачаны дагэтуль крызіс: памнажаецца колькасць разводаў, змяняецца Богам устаноўленае паняцце сям’і, ставяцца пад сумнеў маральныя нормы, дасягненні генетыкі выкарыстоўваюцца для маніпулявання Божым дарам жыцця, наркаманія ўскладняе праблему п’янства, расце злачыннасць, агрэсія і нецярпімасць, знікае дух міласэрнасці і прабачэння, балючымі з’яўляюцца грамадска-палітычныя і сацыяльныя праблемы, вялікую небяспеку нясуць палітычныя, дыпламатычныя, эканамічныя, санкцыйныя войны, а нарастаючая напружанасць у свеце, і асабліва ва Украіне, пагражае новай сусветнай вайной.
Сучасны свет становіцца светам духоўна апатычных і рэлігійна абыякавых людзей. Секулярызаваны свет патрабуе сведкаў хрысціянскай веры. Яму патрэбны не толькі настаўнікі, але і вызнаўцы. Евангельскае сведчанне з’яўляецца найбольш выразным знакам нашай вернасці Хрысту», — падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч.
Іерарх заклікаў прысутных быць «соллю, якая дапаможа пазбегнуць маральнага раскладу; быць святлом, каб дапамагчы іншым знайсці праўду Евангелля і сэнс жыцця».
«Няхай ніколі нас не пераможа дух знеахвочвання і апатыі ў абвяшчэнні Евангелля і ў хрысціянскім сведчанні», — выказаў пажаданне арцыпастыр.
Сваю гамілію арцыбіскуп Кандрусевіч завяршыў малітвай праз заступніцтва Багародзіцы:
«Табе, Марыя, Божая Маці Шкаплерная, у пятнаццатую гадавіну каранацыі Твайго гудагайскага абраза, у часы, калі мы перажываем наступ маральнага зла і над светам вісяць цёмныя хмары пагрозы новай вайны, давяраем нас, наш народ і ўвесь свет. Пад Тваю абарону прыбягаем. Не пакідай нас у новай рэчаіснасці выпрабавання ва ўмовах секулярызму, лібералізму, маральнага рэлятывізму і пагрозы вайны. Выпрасі ў свайго Сына ласку выканання місіі абаронцаў нашай веры і мужнага адказу на грозныя выклікі нашага часу. Дапамажы ў справядлівым вырашэнні грамадска-палітычнага крызісу ў нашай Бацькаўшчыне. Навучы ісці шляхам еднасці, узаемнага прабачэння і прымірэння. Выпрасі ласку міру ва Украіне. Навучы пераадольваць культуру падзелу з мэтай умацоўваць культуру міру. Вывядзі з гадзіны зла ў гадзіну ласкі і вядзі сваёй матчынай апекай да шчаслівага жыцця на зямлі і хвалы неба», — маліўся разам з сабранымі ў Гудагаі вернікамі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.