1 ліпеня падчас аднадзённай сямейнай пілігрымкі ў Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай адбудзецца прэзентацыя хрысціянскай настольнай гульні «Рыцары Беззаганнай».
Натхненнем для стварэння гульні стаў урывак з кнігі ксяндза Аляксандра Жарнасека МІС «Духоўная зброя». Галоўная мэта гульні — як мага хутчэй сабраць усе сем рыцарскіх атрыбутаў зброі Божай і прынесці іх на фініш гульні.
Ілюстратар Кацярына Фільмановіч выбрала для гульні стыль вімельбуха. На карце можна знайсці розныя сюжэты Будслаўскага фэсту.
Набыць гульню ў Будславе можна будзе ў намёце «Радыё Марыя». Усе сродкі, якія атрымаецца сабраць, будуць перададзены на аднаўленне святыні, пашкоджанай пажарам.
Пілігрымка, арганізаваная рухам сужэнскай духоўнасці Equipes Notre-Dame, аб’ядноўвае цэлыя сем’і. Пілігрымы выходзяць 1 ліпеня з вёскі Пузыры Мядзельскага раёна, што прыблізна ў пятнаццаці кіламетрах ад Будслава.
Па дарозе ўдзельнікі пілігрымкі таксама будуць разважаць над тэмай «Сем атрыбутаў зброі Божай», а самыя малодшыя удзельнікі змогуць нават паспрабаваць яе здабыць падчас забаўляльнай праграмы у вёсцы Вераб’і.
Актуальную інфармацыю пра пілігрымку можна знайсці на сайце рухy Equipes Notre-Dame.
Тэлефоны для даведак:
- +375 (25) 987 29 28
- +375 (44) 719 82 43 — Аліна і Максім Угорычы