Пошук

15.04.2022 11:53   Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

14 красавіка, у Вялікі чацвер увечары, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы Вячэры Пана ў мінскім касцёле святога Сымона і святой Алены ў Мінску.

На пачатку Эўхарыстыі вернікі павіншавалі арцыбіскупа Кандрусевіча і святароў з іх святам, пасля чаго заслужаны іерарх благаславіў абразы святой сястры Фаўстыны Кавальскай — «сакратаркі» Божай Міласэрнасці, і яе спаведніка, благаслаўлёнага ксяндза Міхала Сапоцькі.

У прамоўленай гаміліі заслужаны іерарх засяродзіўся на цэнтральных падзеях Пасхальнай таямінцы смерці і ўваскрасення Хрыста. Касцёл перажывае іх у літургічных цэлебрацыях святога Пасхальнага Трыдуума, першая з якіх — менавіта святая Імша Вячэры Пана.

«Чытанні Вялікага чацвярга пераносяць нас у Вячэрнік у Ерузалеме, дзе Хрыстус устанавіў сакрамэнты Эўхарыстыі і святарства. Тады Ён таксама ў прысутнасці апосталаў звярнўся да Нябеснага Айца са сваёй Першасвятарскай малітвай, у якой прасіў аб узаемнай любові і адзінстве, якое з’яўляецца ўмовай паспяховай евангелізацыі, каб свет паверыў», — падкрэсліў арцыбіскуп, дадаўшы, што Езус перамяніў хлеб і віно ў сваё Цела і Кроў і даручыў апосталам і іх наступнікам, біскупам і святарам, паўтараць гэты цуд да канца часоў падчас цэлебрацыі кожнай святой Імшы.

«Эўхарыстыя — гэта сам Бог, прысутны ў нашым свеце і дадзены нам, каб ператварыць нас у тое, што мы спажываем. Таму Эўхарыстыя робіць нас Хрыстовымі», — нагадаў арцыпастыр.

Ён заўважыў, што, устанаўліваючы Эўхарыстыю падчас Апошняй Вячэры, Езус у ёй пакінуў людзям успамін сваёй крыжовай смерці на Галгоце, таму кожная Імша — гэта бяскроўная ахвяра Езуса Хрыста, сапраўдны хлеб жыцця і сакрамэнт бязмежнай любові Бога да чалавека.

Заслужаны іерарх адзначыў, што падчас Апошняй вячэры Езус таксама пакінуў вучням усіх часоў прыклад дасканалай пакоры і служэння, знакам чаго стала абмыццё Ім ног апосталам.

«Пакорнае служэнне іншым знаходзіцца ў цэнтры святкавання Вялікага чацвярга і падкрэслівае веліч Хрыста як слугі. Секулярны свет слова „веліч“ успрымае выключна ў катэгорыях поспеху і захаплення. Езус прапануе іншы погляд.

Ён паказвае, што сапраўдная веліч знаходзіцца ў самаахвярым акце служэння. Гэта выклік для ганарлівага чалавека ХХІ стагоддзя. Ці мы здольныя дарыць сябе іншым, як гэта зрабіў і далей у Эўхарыстыі робіць Езус? Вось пытанне, якое ставіць перад намі Вялікі чацвер», — сказаў арцыпастыр, прапанаваўшы вернікам знайсці на яго адказ.

Разам з тым ён звярнуў увагу на тое, што Пятру было нязручна, калі Езус мыў яму ногі.

«Часам складаней быць пасіўным і дазволіць камусьці абмыць нам ногі, чым мыць іх іншаму.

Але абмыццё ног іншаму і абмыццё нашых ног кімсьці — гэта два бакі таго ж самага медаля хрысціянскага жыцця.

Адзін бок — гэта дазволіць Езусу абмыць нас ад граху, што адбываецца ў сакрамэнце пакаяння. Другі, адваротны бок заключаецца ў тым, што пасля таго, як Езус абмые нашыя ногі, мы павінны ісці і мыць ногі іншым, як вучыць Хрыстус. Гэта азначае, што мы павінны служыць іншым», — сцвердзіў іерарх.

Ён дадаў, што, калі мы не ведаем як вырашыць надзённыя праблемы, то таямніца Апошняй вячэры дае адпаведны рэцэпт.

«Сам рэцэпт, аднак, не вырашыць нічога, пакуль мы не прымем прапісаны доктарам лек. Лек, які прапісаў нам Хрыстус — гэта Эўхарыстыя і ўзаемная бескарыслівая любоў, і мы павінны гэтым карыстацца.

Праблемы, з якімі сутыкнулася наша грамадства і братняя Украіна, вынікаюць з таго, што сучасны чалавек забываецца аб гэтым універсальным правіле», — перакананы арцыпастыр.

На заканчэнне гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў вернікаў, «каб абмытыя Езусам у сакрамэнце пакаяння, умацаваныя Эўхарыстыяй і запаветам любіць бліжняга так, як Ён нас палюбіў, зрабіць усё магчымае, каб у кожным сустрэтым чалавеку мы маглі бачыць свайго брата і сваю сястру, бо толькі тады на нашай зямлі будзе панаваць згода і мы будзем будаваць цывілізацыю жыцця і супакою».

 

Абноўлена 15.04.2022 11:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця