З 3 па 5 красавіка арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч правёў велікапосныя рэкалекцыі ў парафіі Святога Духа ў Гродне.
Гэтая маладая парафія знаходзіцца ў новым гродзенскім мікрараёне Альшанка. Трыццаць гадоў таму заслужаны іерарх быў пробашчам парафіі Маці Божай Анёльскай у Гродне і ў той час адказваў таксама за душпастырства вернікаў, якія жылі на тэрыторыі гэтай парафіі. Таму можна сказаць, што праз тры дзесяцігоддзі ён правёў духоўныя практыкаванні для сваіх былых парафіянаў, хоць з таго часу колькасць новых вернікаў тут значана павялічылася.
Сёння парафія Святога Духа з’яўляецца адной з самых вялікіх у горадзе і складаецца пераважна з маладых сем’яў.
Пра гэта сведчыць, напрыклад, той факт, што катэхізацыю да Першай Камуніі тут наведваюць 470 дзяцей, а яшчэ каля трох соцень удзельнікаў катэхезы гэта тыя, хто ўжо прыступіў да Першай Камуніі, дзеці дашкольнага ўзросту і моладзь, якая рыхтуецца да сакрамэнту канфірмацыі. На Імшы ў парафіі служаць 115 міністрантаў.
Пакуль што вернікі моляцца ў вялікай капліцы, і вядзецца будаўніцтва новага касцёла. Актыўны і крэатыўны пробашч ксёндз канонік Павел Салабуда паспяхова будуе як матэрыяльны, так і духоўны Касцёл, які складаецца з жывых камянёў. З гэтай мэтай ён запрасіў арцыбіскупа Кандрусевіча правесці ў супольнасці велікапосныя рэкалекцыі, каб вернікі належным чынам падрыхтаваліся да сустрэчы з Уваскрослым Хрыстом у пасхальных урачыстасцях.
Зыходзячы са словаў Езуса: «Я — дарога і праўда, і жыццё» (Ян 14, 5), арцыпастыр сфармуляваў тэму рэкалекцый «ID (ідэнтыфікатар) хрысціяніна».
Сімвалічна, што духоўныя практыкаванні распачаліся з унясення ў капліцу рэліквій святой Фаўстыны Кавальскай — «сакратаркі Езуса Міласэрнага». Падчас урачыстай цырымоніі ўнясення рэліквій арцыбіскуп падкрэсліў, што Вялікі пост з заклікам да навяртання з’яўляецца часам праяўлення бязмежнай Божай Міласэрнасці.
Для пазнання «ID хрысціяніна» і прыняцця адпаведных пастаноў іерарх прапанаваў вернікам зрабіць грунтоўны рахунак сумлення адносна іх хрысціянскага сведчання ў духоўным, сямейным, прафесійным і грамадскім жыцці. Для рэалізацыі гэтай мэты арцыпастыр прапанаваў адмысловыя разважанні пра значэнне рэкалекцый як пазнання сябе; значэнне Божай Міласэрнасці, якая найбольш дасканала праяўляецца ў сакрамэнце пакаяння; ролі Эўхарыстыі, якая перамяняе людзей, каб яны, перамененыя, пераменялі свет на лепшы; ролі малітвы, паслухмянасці Божай волі, культу святых, асабліва Найсвяцейшай Панны Марыі.
«Святы Павел VI кажа, што сучасны чалавек больш верыць сведкам, чым настаўнікам.
Нашае штодзённае жыццё сведчыць аб нашым хрысціянстве. Яно з’яўляецца лакмусавай паперкай, або „ID хрысціяніна“, што вызначае яго тоеснасць. Будучы сведкамі хрысціянства, мы таксама з’яўляемся евангелізатарамі, бо свет бярэ з нас прыклад. Таму нашае хрысціянскае ID павінна праяўляцца ў нашым жыцці і адказе на выклікі часу», — адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч.
У межах рэкалекцый ён таксама скіраваў настаўленні для дзяцей на тэму «Дарога да Бога». У разважаннях, выкарыстоўваючы выявы аўтамабіля і дарожных знакаў, іерарх заклікаў маленькіх вернікаў, каб акумулятары іх духоўнага жыцця заўсёды быў зараджаныя праз малітву, удзел у святой Імшы, належную вучобу і паводзіны, дапамогу сябрам і патрабуючым. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч таксама заклікаў маладых парафіянаў захоўваць Божыя запаведзі, як знакі на іх духоўнай дарозе, і браць прыклад са святых у імкненні да святасці, каб у будучыні быць годнымі радасці неба.