3 красавіка, у пятую нядзелю Вялікага посту, у гродзенскай парафіі Святога Духа на Альшанцы распачаліся парафіяльныя рэкалекцыі, якія па запрашэнні пробашча ксяндза Паўла Салабуды праводзіць арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.
Духоўныя практыкаванні ў гэтай маладой парафіяльнай супольнасці горада на Нёмане, якая збіраецца на малітву ў часовай капліцы і вядзе будаўніцтва касцёла, праходзяць на тэму «Я дарога, праўда і жыццё» (Ян 14, 6).
Цэнтральным момантам першага дня рэкалекцый стала ўнясенне ў капліцу рэліквій святой сястры Фаўстыны Кавальскай.
Як адзначыў падчас урачыстай цырымоніі іерарх, асаблівым знакам з’яўляецца тое, што ў галоўным алтары парафіяльнай капліцы знаходзіцца фігура Езуса Міласэрнага, распаўсюджваннем культу якога была святая Фаўстына — «сакратарка Божай Міласэрнасці».
У гаміліі арцыпастыр нагадаў прысутным жыццярыс святой, гісторыю распаўсюджвання культу Божай Міласэрнасці і растлумачыў тэалогію абраза Езуса Міласэрнага. Іерарх падкрэсліў, што Езус ідзе да грэшнага чалавека са сваім прабачэннем і са сваёю любоўю.
Звяртаючыся да дзяцей, біскуп паказаў ім машынку і запытаўся ў маленькіх вернікаў, што ў ёй самае галоўнае. Адказаў было шмат, але засяродзіліся на адным: баку для паліва.
«У чалавеку такім паліўным бакам ёсць душа. Яна таксама патрабуе дазапраўкі, якой ёсць пост, малітва і міласціна», — правёў аналогію арцыбіскуп Кандрусевіч.
Неаднойчы ў рэкалекцыйнай навуцы арцыпастыр закранаў тэму навяртання. Ён узгадаў Фацімскія аб’яўленні, а таксама тое, што Езус гаварыў людзям праз сястру Фаўстыну:
«Нашая будучыня залежыць ад нашай малітвы, нашага вобраза жыцця і ад таго, якімі хрысціянамі мы з’яўляемся сёння», — адзначыў іерарх.
Рэкалекцыі ў гродзенскай парафіі Святога Духа будуць працягвацца да аўторка. Удзел у духоўных практыкаваннях, якія праводзіць арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, могуць браць усе ахвотныя.