Пошук

25.03.2022 23:10   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

25 сакавіка, ва ўрачыстасць Звеставання Пана, у мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі прайшло набажэнства, падчас якога быў здзейснены Чын прысвячэння Расіі і Украіны Беззаганнаму Сэрцу Марыі.

Супольная малітва ў галоўнай святыні Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, дзе ў прэзбітэрыі была ўсталявана ўпрыгожаная ружамі фігура Маці Божай Фацімскай, якая ў 2017 годзе, у стагоддзе фацімскіх аб’яўленняў, перэгрынавала па Беларусі, распачалася з адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, што працягвалася амаль пяць гадзін. Пасля адарацыі вернікі разважалі над Мукай Хрыста, беручы ўдзел у пакутным набажэнстве Крыжовага шляху.

Кульмінацыяй стала святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Разам з ім і прысутнымі святарамі Эўхарыстыю цэлебравалі Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч і Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, які прамовіў гамілію.

У Божым слове іерарх звярнуў увагу на духоўнае значэнне ўрачыстасці Звеставання, у якой ушаноўваецца таямніца Богаўцелаўлення, што стала магчымым дзякуючы гатоўнасці Марыі прыняць Божае Слова ў сваё ўлонне, дзе Яно прыняло цела і стала чалавекам. Біскуп дадаў, што, нараджаючы Збаўцу, Марыя стала Маці для ўсяго адкупленага Ім на крыжы чалавецтва, і нястомна апякуецца сваімі дзецьмі, якія ва ўсім свеце ўшаноўваюць Яе ў незлічоных святых выявах.

Іерарх адзначыў, што, калі людзі паддаюцца спакусам і адыходзяць з Божага шляху, Марыя заклікае іх да навяртання і малітвы, як гэта адбылося 105 гадоў таму, у далёкім 1917 годзе, падчас аб’яўленняў Маці Божай у нікому тады яшчэ не вядомым партугальскім мястэчку Фаціма.

Аб’яўляючыся там тром мясцовым дзецям, Марыя казала ім пра неабходнасць навяртання Расіі і прысвячэння краіны Яе Беззаганнаму Сэрцу.

Біскуп Касабуцкі нагадаў, што словы Марыі асаблівым чынам спраўдзіліся падчас пантыфікату святога Яна Паўла ІІ, калі ў фацімскі дзень 13 мая 1981 года на Папу адбыўся замах, што ледзь не абарваў яго жыццё.

25 сакавіка 1984 года Ян Павел ІІ здзейсніў Чын прысвячэння ўсяго свету і Расіі — а дакладней, усяго тагачаснага Савецкага Саюзу — Беззаганнаму Сэрцу Марыі.

Савецкі атэістычны рэжым вельмі агрэсіўна ўспрыняў гэтую вестку, і святары, якія ў Саюзе адважваліся пра гэта казаць, жорстка пераследваліся. Сярод іх былі ўкраінскі ксёндз Юзаф Свідніцкі, а таксама ксёндз Сігітас Тамкявічус з Літвы, цяпер арцыбіскуп Каўнаскі і кардынал.

«Сёння мы зноў чуем голас Маці Божай Фацімскай з заклікам аб прысвячэнні Расіі Яе Беззаганнаму Сэрцу.

Папа Францішак прымае гэтае рашэнне аб прысвячэнні Расіі і Украіны, якія сёння ахоплены вайной; тых краін і тых народаў, якія сёння найбольш гэтага патрабуюць», — падкрэсліў біскуп Касабуцкі. Ён распавёў, што пастаянна падтрымлівае кантакт са сваім аднакурснікам, які нясе святарскае служэнне ва Украіне, і ў размовах з якім прагучала надзея, што дзякуючы сённяшняму Чыну прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі здзейсніцца цуд навяртання, звароту да Бога людзей, ад якіх сёння залежыць лёс народаў, у чыіх сілах спыніць вайну. Іерарх дадаў, што, магчыма, Бог дапускае гэтае цярпенне, каб людзі маглі інакш паглядзець на сваё жыццё і правільна расставіць жыццёвыя прыярытэты, зразумець «неабходнасць навяртання, веры, пакаяння за грахі, малітвы, якая робіць цуды, якая можа горы перавярнуць, з якой мы можам зрабіць неверагодныя рэчы».

«Малітва дапамагае перажыць любое выпрабаванне. Малітва дапамагае залячыць любую рану ў сэрцы чалавека, асабліва духоўную рану. Малітва дапамагае чалавеку выбраць шлях з Богам, дапамагае трываць з Хрыстом і атрымліваць ад Яго ласкі, патрэбныя кожнаму з нас. Малітва здольная зрабіць сапраўдны цуд», — сцвердзіў біскуп Касабуцкі.

Падсумоўваючы, іерарх сказаў:

«Сёння, калі мы ўдзельнічаем у гэтай малітве і ў гэтым акце прысвячэння Расіі і Украіны Беззаганнаму Сэрцу Марыі, мы молімся за гэтыя краіны, мы молімся за нашую краіну, за Беларусь родную нашу, за нас усіх».

Разам з тым біскуп заўважыў, што толькі аднаго сённяшняга набажэнства недастаткова: «Гэта толькі пачатак, новы крок, <…> гэта наша гатоўнасць узяць на сябе адказнасць і маліцца за іншых людзей; за тых, за каго, можа, не хочацца маліцца; за тых, хто выклікае ў нас негатыўныя эмоцыі, — верачы, што гэтая малітва прынясе плён, што яна здольная перамяніць нават самыя жорсткія сэрцы. <…> Інакш не можа быць, таму што Бог ёсць любоў, <…> і Багародзіца ахіне нас сваім плашчом», — сказаў на заканчэнне гаміліі біскуп Касабуцкі.

Напрыканцы цэлебрацыі арцыбіскуп Станеўскі заўважыў, што ўрачыстасць Звеставання — гэта таксама асаблівае свята кансэкраваных асоб, якія, на ўзор Марыі, адказалі «так» на заклік Пана цалкам прысвяціць Яму сваё жыццё. Павіншаваўшы братоў і сясцёр, якія праз манаскія абяцанні наследуюць Хрыста, іерарх пажадаў ім вялікай духоўнай радасці.

Акрамя таго, арцыпастыр нагадаў, што ва ўрачыстасць Звеставання адзначаецца таксама Дзень святасці жыцця, і працытаваў словы святога Яна Паўла ІІ, які казаў, што «народ, які забівае ненароджаных, не мае будучыні».

Арцыбіскуп заахвоціў прысутных пазнаёміцца з Пастырскім лістом Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на ўрачыстасць Звеставання, у якім іерархі запрашаюць вернікаў нашай краіны далучыцца да акцыі Духоўнага ўсынаўлення — штодзённай малітвы на працягу дзевяці месяцаў аб уратаванні жыцця ненароджаных.

Завяршылася святая Імшы выстаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнту, перад якім арцыбіскуп Станеўскі ў духоўнай еднасці са Святым Айцом Папам Францішкам і ўсім паўсюдным Касцёлам здзейсніў Чын прысвячэння Расіі і Украіны Беззаганнаму Сэрцу Марыі.

Пасля благаслаўлення арцыпастыр выказаў падзяку нунцыю Ёзічу за ўдзел у Імшы, і папрасіў прадстаўніка Папы ў нашай краіне перадаць Святому Айцу найлепшыя пажаданні ад беларускіх вернікаў і запэўненне ў малітве ў яго інтэнцыях.

 

Абноўлена 26.03.2022 08:33
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа