Пошук


2 сакавіка ў Рыма-Каталіцкім Касцёле сёлета прыпадае Папяльцовая серада, або Папялец — першы дзень Вялікага посту.

У гэтым годзе Папа Францішак просіць зрабіць Папяльцовую сераду асаблівым днём посту дзеля міру ва Украіне.

Вялікі пост у хрысціянскай традыцыі са старадаўніх часоў з’яўляецца перыядам супольнага пакаяння.

Гэты час «праз напамін аб хросце ці праз падрыхтоўку да яго, а таксама праз пакаянне павінен настроіць вернікаў на святкаванне Пасхальнай таямніцы дзякуючы больш уважліваму слуханню Божага слова і стараннай малітве» (Канстытуцыя ІІ Ватыканскага Сабору Sacrosanctum concilium, 109).

Што належыць рабіць вернікам падчас гэтага асаблівага літургічнага перыяду?

Пакаянне выражаецца ў шматлікіх формах, найперш — праз пост, малітву, міласціну.

Згодна з касцёльным наказам, у перыяд Вялікага посту неабходна ўстрымлівацца ад удзелу ў забавах.

Устрыманне ад мяса абавязковае ва ўсе пятніцы Вялікага посту і ўсяго каляндарнага года, калі на іх не прыпадае літургічная ўрачыстасць. Такое ўстрыманне абавязковае для вернікаў, якія дасягнулі 14-гадовага ўзросту. Абавязак устрымання ад мяса не датычыцца спажывання яек, малочных прадуктаў і дадаткаў з жывёльнага тлушчу да страваў (пар. Апостальская Канстытуцыя Папы Паўла VI Pænitemini III § 1).

У Папяльцовую сераду і Вялікую пятніцу для вернікаў прадпісана не толькі ўстрыманне ад мяса, але і пост (строгі пост), які заключаецца ў абмежаванні колькасці спажыванай ежы.

Пры такім посным абмежаванні дапускаецца адзін раз паесці дасыта, не забараняецца спажыць невялікую колькасць ежы раніцай і ўвечары (пар. Pæniteminі III § 2). Такі пост абавязвае вернікаў з 18 да 60 гадоў. У некаторых мясцовасцях, па звычаі, прынята захоўваць пост таксама ў Вялікую суботу.

Не з’яўляецца грахом незахаванне посту і ўстрымання ад мяса, калі па аб’ектыўных прычынах няма магчымасці зрабіць гэта (напрыклад, па медыцынскіх супрацьпаказаннях)

Пробашч парафіі, па справядлівай прычыне і згодна з прадпісаннямі дыяцэзіяльнага біскупа, у паасобных выпадках можа ўдзяліць дыспенсу (вызваліць ад абавязку) адносна захавання пакаяннага дня або замяніць гэты абавязак на іншыя пабожныя ўчынкі (пар. кан. 1245 Кодэкса кананічнага права).

Вернікі могуць дабравольна накласці на сябе дадатковыя абмежаванні ў ежы або выбраць іншыя дадатковыя формы пакаяння.

Вялікі пост заканчваецца перад Імшой Вячэры Пана ў Вялікі чацвер. Імшою Вячэры пана распачынаецца Пасхальны Трыдуум.

 

Абноўлена 02.03.2022 14:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця