Пошук

15.02.2024 06:14   Catholic.by
Фота: скрыншот трансляцыі Vatican Media

Увечары 14 лютага 2024 года Папа Францішак узяў удзел у святой Імшы на пачатак Вялікага посту, падчас якой адбыўся традыцыйны абрад пасыпання галоваў попелам.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, літургія прайшла ў рымскай дамініканскай базыліцы святой Сабіны на Авенцінскім пагорку. Ёй папярэднічала традыцыйная пешая пакаянная працэсія ад бэнэдыктынскай базылікі святога Анзэльма.

«Калі даеш міласціну, молішся, посціш — намагайся рабіць гэта патаемна: Айцец твой, насамрэч, бачыць патаемнае. Увайдзі ў патаемнае: гэта заклік, які Езус скіроўвае да кожнага з нас на пачатку шляху Вялікага посту», — нагадаў у гаміліі Папа, падкрэсліўшы, што «ўвайсці ў патаемнае», паводле прарока Ёэля, значыць «вярнуцца да сэрца». «Гаворка ідзе пра тое, каб усё, чым жывем, у тым ліку нашыя адносіны з Богам, не зводзіліся да вонкавага», — сказаў Святы Айцец.

«Вяртанне да сэрца азначае вяртанне да нашага сапраўднага „я“ і яго прадстаўленне Богу такім, якім яно ёсць, аголеным і адкрытым.

Гэта азначае зазірнуць углыб сябе і зразумець, хто мы на самай справе, скінуць маскі, якія часта носім, запаволіць тэмп нашай гонкі і прыняць праўду пра сябе. Жыццё — не гранне ролі і Вялікі пост запрашае нас пакінуць сцэну, на якой прадстаўлена выдумка, каб вярнуцца да сэрца, да праўды аб тым, хто мы ёсць», — падкрэсліў Папа.

Святы Айцец спаслаўся на сімвалізм абраду пасыпання галоваў попелам, які нагадвае, што «мы — прах, нашае жыццё — як подых, але Пан — Ён і толькі Ён — не дазваляе яму знікнуць». «Ён збірае і фармуе пыл, якім з’яўляемся, каб яго не развеялі парывістыя вятры жыцця і не растварылі ў бездані смерці», — сцвердзіў Пантыфік.

«Мы — попел, у які Бог удыхнуў дыханне жыцця; зямля, якую Ён стварыў сваімі рукамі; пыл, з якога ўваскрэснем для бясконцага жыцця, спрадвеку падрыхтаванага для нас.

І калі ў попеле, якім мы ёсць, гарыць агонь Божай любові, тады мы адкрываем, што напоўнены гэтай любоўю і пакліканы любіць: любіць братоў вакол нас, быць уважлівымі да іншых, жыць спагадай, праяўляць міласэрнасць, дзяліцца тым, чым мы ёсць і што маем, з тымі, хто знаходзіцца ў патрэбе. Таму міласціна, малітва і пост не могуць быць зведзены да знешніх практык: яны з’яўляюцца шляхамі, што вяртаюць нас да сэрца, да сутнасці хрысціянскага жыцця. Яны дазваляюць нам адкрыць, што мы з’яўляемся прахам, які любіць Бог, і робяць нас здольнымі распаўсюджваць такую ж любоў на „попел“ шматлікіх штодзённых сітуацый, каб у іх адраджаліся надзея, давер і радасць», — сказаў Пантыфік.

Ён заклікаў на працягу Вялікага посту пачуць заклік Пана, які не стамляецца паўтараць: «увайдзі ў патаемнае, вярніся да сэрца». «Увойдзем у наш унутраны пакой: там жыве Пан, там наша ўразлівасць прынята і мы любімыя без усялякіх умоваў», — сказаў пастыр паўсюднага Касцёла.

«Вернемся, браты і сёстры. Вернемся да Бога ўсім сэрцам.

У гэтыя тыдні Вялікага посту зробім месца для малітвы ціхай адарацыі, у якой будзем заставацца ўважлівымі да прысутнасці Пана, як Майсей, як Ілля, як Марыя, як Езус. Прыслухаемся сэрцам да Таго, хто ў цішыні хоча сказаць нам: „Я твой Бог: Бог міласэрнасці і спагады, Бог прабачэння і любові, Бог пяшчоты і клопату. <…> Не судзі сябе. Не асуджай сябе. Не адмаўляйся ад сябе. Дазволь Маёй любові дакрануцца да самых глыбокіх і схаваных куткоў твайго сэрца і адкрыць табе тваю прыгажосць; прыгажосць, якую ты страціў з поля зроку, але якая зноў стане бачнай табе ў святле Маёй міласэрнасці. Прыйдзі, прыйдзі, дазволь Мне выцерці твае слёзы і дазволь Маім вуснам наблізіцца да твайго вуха і сказаць табе: Я люблю цябе, Я люблю цябе, Я люблю цябе“», — працытаваў Пантыфік урывак з кніні галандскага тэолага Генры Ноўэна «Шлях да світанку».

«Не будзем баяцца скінуць з сябе свецкія шаты і вярнуцца да сэрца, да самага істотнага. Успомнім святога Францішка, які, распрануўшыся, усёй сваёй істотай абняў Айца, які ў нябёсах.

Давайце пазнаем сябе такімі, якія мы ёсць: прахам, які любіць Бог; і дзякуючы Яму адродзімся з попелу граху да новага жыцця ў Езусе Хрысце і ў Святым Духу», — заклікаў на заканчэнне гаміліі Папа Францішак.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа