У адпаведнасці з заклікам Папы Францішка, да якога далучаюцца таксама ўсе каталіцкія біскупы Беларусі, у Папяльцовую сераду 2 сакавіка абвешчаны Дзень посту дзеля міру ва Украіне.
На агульнай аўдыенцыі, якая адбылася 23 лютага ў ватыканскай Зале святога Паўла VI, Святы Айцец Францішак звярнуўся з наступным заклікам: «Я адчуваю вялікі боль у сваім сэрцы з прычыны пагаршэння сітуацыі ва Украіне. <…>
Цяпер я хачу звярнуцца да ўсіх, веруючых і няверуючых. Езус вучыў нас, што на д’ябальскую апантанасць гвалту належыць адказваць Божай зброяй: постам і малітвай.
Запрашаю ўсіх зрабіць 2 сакавіка, Папяльцовую сераду, днём посту дзеля міру. Асабліва заахвочваю вернікаў, каб гэты дзень прысвяцілі руплівай малітве і посту. Няхай Валадарка супакою выратуе свет ад шаленства вайны», — сказаў Пантыфік.
Каталіцкія біскупы Беларусі далучыліся да просьбы Святога Айца Францішка і скіравалі адмысловае Паведамленне, у якім просяць кожнага чалавека добрай волі, а асабліва вернікаў Каталіцкага Касцёла, каб гэтая Папяльцовая серада была днём асаблівай малітвы і посту ў інтэнцыі міру.
На гэтую добрую і прыемную Богу справу іерархі ад усяго сэрца благаслаўляюць.