Пошук

28.02.2022 17:35   Фота: Grodnensis.by / Catholic.by

У нядзелю 27 лютага ў гродзенскай катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў інтэнцыі міру ва Украіне.

Разам з заслужаным іерархам Эўхарыстыю ў галоўнай святыні Гродзенскай дыяцэзіі цэлебравалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і святары.

Разважаючы над нядзельным Евангеллем, у гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч засяродзіўся на практычных прынцыпах рэалізацыі Божага закону любіць бліжняга, як самога сябе.

«На жаль, у нас існуе вечная праблема бачыць малое зло ў іншым чалавеку, але не бачыць яго ў сабе самім. <…> Таму мы павінны зрабіць рахунак сумлення з распаўсюджанай у наш час „хваробы“ асуджэння іншых, вельмі часта нават без ніякай прычыны, бо гэта не па-хрысціянску. Калі мы асуджаем іншых, і часта без ніякіх аргументаў, то становімся духоўна сляпымі, а сляпы, як кажа Езус, не можа весці сляпога, бо абодва зваляцца ў яму. На жаль гэтая евангельская гісторыя паўтараецца і ў наш час. Узаемны недавер і абвінавачванне адзін аднаго вядзе да канфліктаў у сем’ях, паміж людзьмі і цэлымі народамі.

На мінулым тыдні да нас прыйшла страшная навіна аб вайне ва Украіне.

Супрацьстаянне, што на працягу некалькіх апошніх гдоў назіралася паміж Расіяй і Украінай, пераросло ва ўзброены канфлікт. У выніку яго гінуць нявінныя людзі, разбураюцца гарады, вёскі і інфраструктура. У розныя краіны, у тым ліку і ў Беларусь, хлынулі бежанцы, сярод якіх шмат людзей старэйшага ўзросту, хворых і дзяцей. Ніхто не пакідае свёй Айчыны проста так. Гэта вымушаная мера, каб зберагчы сябе і сваю сям’ю.

На самай справе, вайна — гэта трагедыя і адначасова параза прынцыпаў сучаснага светапогляду без Бога, любові да бліжняга, адсутнасці прынцыпу справядлівасці і ўзаемнага прабачэння. Свет аказаўся бездапаможным перад абліччам узброенага канфлікту, які закранае не толькі Украіну, але можа перарасці ў сусветны.

Мы суперажывем нашай паўднёвай суседцы Украіне, якая перажывае трагедыю. Касцёл заклікае да тэрміновага спынення ваенных дзеянняў і распачацця ўзаемнага дыялогу з мэтай пошуку шляхоў да яго мірнага вырашэння. Два дні таму адбылася беспрэцэдэнтная падзея. Папа Францішак наведаў пасольства Расіі пры Святым Пасадзе, каб асабіста спрыяць міру. Усё гэта гаворыць пра сур’ёзнасць сітуацыі. Нельга чакаць, бо сёння яшчэ дзверы для дыялогу адчынены, але невядома, ці застануцца такімі да заўтра.

Трэба памятаць, што мір — гэта не толькі і не столкі маўчанне гармат: ён распачынаецца ў нашым сэрцы. Менаваіта ў чалавечым сэрцы бяруць пачатак злыя і добрыя планы.

Хрысціянскія і славянскія народы паднялі руку адзін на аднаго, як Каін падняў руку на Абэля. У імя чаго? Чаму ў цэнтры Еўропы сёння ідзе вайна? Ці ўрокі мінулага нас анічому так і не навучылі?

Вайна — гэта заўсёды зло: фізічнае і маральнае. Вайна калісьці скончыцца, але як жа складана будзе залячыць яе раны, асабліва маральныя! <…>

Няхай наша салідарная малітва з церпячымі ўкраінскімі братамі і сёстрамі з заклікам да ўзаемнага прабачэння і паяднання прычыніцца да ўсталявання трывалага міру ва Украіне і свеце», — сказаў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Гамілію заслужаны іерарх завяршыў малітоўным заклікам: «Божа, Ты з’яўляешся Богам міру і хочаш, каб усе былі братамі і сёстрамі, а не ворагамі.

Ойча ўсіх народаў і Валадару сусвету, праз заступніцтва Марыі, Каралевы супакою, адары нас Тваім супакоем, дапамажы жыць у праўдзе, справядлівасці, узамнай любові і прабачэнні адно аднаму, каб брат не падымаў руку на брата. Абудзі сумленні адказных за братазабойчую вайну, каб ніколі на нашай зямлі не было ўзброеных канфліктаў, але квітнеў мір і супольная згода».

Абноўлена 08.03.2022 15:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа