Пошук

14.02.2022 11:06   Тэкст і фота: а. Аляксандр Стока OCD / Catholic.by

З 11 па 13 лютага ў мядзельскім рэкалекцыйным доме кармэлітаў босых адбыліся рэкалекцыі для юнакоў, прысвечаныя распазнанню паклікання і жыццёваму выбару.

Тэма духоўных практыкаванняў для хлопцаў гучала «Не бойся пайсці за Хрыстом!»

На гэтую сур’ёзную і важную для кожнага маладога чалавека тэму разам з айцамі кармэлітамі разважалі чатыры юнакі з кармэліцкіх парафій з Мінска і Мядзела.

Распачаліся рэкалекцыі ўвечары ў пятніцу супольнай вячэрай і знаёмствам з удзельнікамі. Хлопцы распавялі пра сябе, пра свае зацікаўленасці і хобі. Большасць з іх удзельнічала ў падобных рэкалекцыях упершыню. Заканчэннем першага дня стала супольная малітва і благаслаўленне.

Другі дзень быў насычаны разнастайнымі падзеямі, у цэнтры якіх была Эўхарыстыя з тэматычным казаннем у парафіяльным касцёле. Ёй папярэднічала літургія гадзінаў і канферэнцыі, на якіх удзельнікі разважалі пра важнасць выбару жыццёвага шляху маладога чалавека. Тэма рэкалекцый асвятлялася з дапамогай прыкладаў з вопыту манаскага і святарскага паклікання, а таксама на падставе тэкстаў з Евангелля паводле святога Мацвея, між іншым, пра багатага юнака і пра пакліканне першых апосталаў.

Пасля абеда хлопцы пазнаёміліся з прыгожым краявідам Мядзела. Надвор’е было па-сапраўднаму зімовае і сонечнае, таму шпацыр на свежым паветры прынёс усім вялікае задавальненне. Увечары, перад святой Імшой, айцец Генрых Валэйка OCD, настаяцель мядзельскай супольнасці, правёў кароткую экскурсію і знаёмства з тутэйшай святыняй, пабудаванай на пагорку над азёрамі, падобнага да біблійнай гары Кармэль. Заканчэннем другога дня стала адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і благаслаўленне.

Трэці і заключны дзень, якім быў дзень Пана, нядзеля, стаў падсумаваннем асноўных думак, якія датычыліся распазнання паклікання і жыццёвага шляху маладога чалавека.

Абноўлена 14.02.2022 11:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця