Пошук

27.01.2022 12:02   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

26 студзеня ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі адбылася святая Імша ў інтэнцыі міру, цэлебрацыю якой узначаліў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч.

Малітва за мір у галоўнай святыні Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі стала адказам на ініцыятыву Папы Францішка, які пасля нядзельнай малітвы Анёл Панскі выказаў занепакоенасць сітуацыяй вакол Украіны і абвясціў спецыяльны Дзень малітвы за мір.

Разам з прадстаўніком Святога Айца Імшу цэлебравалі Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, які прывітаў высокага госця, старшыня Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB, пробашч сталічнай парафіі святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк, які паходзіць з Украіны, а таксама святары, якія нясуць служэнне пры мінскай катэдральнай парафіі.

У прамоўленай гаміліі нунцый Ёзіч напачатку нагадаў словы Папы, сказаныя ім у Ватыкане 23 студзеня, пасля малітвы «Анёл Панскі»:

«Горача заклікаю ўсіх людзей добрай волі ўзносіць малітвы да Усемагутнага Бога, каб кожная палітычная ініцыятыва служыла агульначалавечаму братэрству больш, чым аднабаковай выгадзе. Тыя, хто пераследуе ўласныя мэты, прычыняючы шкоду іншым, зневажаюць уласнае чалавечае пакліканне, бо мы ўсе створаны братамі і сёстрамі».

Нунцый Ёзіч дадаў, што Папа Францішак часта нагадвае пра братэрства ўсіх людзей, якія маюць аднаго Айца ў небе і адно пакліканне да ўдзелу ў Божым Валадарстве справядлівасці і міру. Разам з тым нунцый адзначыў, што ў кожную эпоху развіцця чалавецтва мір з’яўляецца адначасова дарам звыш і плёнам сумесных намаганняў.

«Гэта асаблівым чынам падкрэслівае Папа Францішак у сваім пасланні на 55-ы Сусветны дзень малітваў аб міры, які традыцыйна адзначаецца ў першы дзень новага года», — нагадаў прадстаўнік Святога Пасаду. Ён коратка спыніўся на асноўных ідэях гэтага папскага паслання, у якім у якасці прыладаў для будавання трывалага міру прапануюцца дыялог пакаленняў, адукацыя і выхаванне, а таксама звяртаецца ўвага на асаблівае значэнне працы.

Ва ўспамін святых Цімафея і Ціта, першых біскупаў, якіх апостал Павел устанавіў пастырамі ў заснаваных ім хрысціянскіх супольнасцях, нунцый Ёзіч на прыкладзе імшальнага чытання з паслання да Цімафея падкрэсліў важнасць дыялогу пакаленняў.

«Апостал Павел нездарма падкрэсліў сувязь пакаленняў, калі ўзгадаў некрывадушную веру святога Цімафея. Такая ж вера раней жыла ў яго бабулі і матулі.

Нашыя бабулі таксама збераглі і перадалі нам скарб веры, захаваўшы яе ў цяжкія часы атэістычнага пераследу. Вера з’яўляецца некрывадушнай, калі чалавек сапраўды жыве ёй. Сведчанне хрысціянскай веры, якое перадаецца з пакалення ў пакаленне, — гэта важны інструмент для пабудовы трывалага міру, які пачынаецца ў сям’і. Менавіта ў сям’і чалавек вучыцца прымаць іншых з даверам, у духу дыялогу і прабачэння ўзаемных крыўдаў», — адзначыў арцыбіскуп.

Каментуючы далей пасланне Папы Францішка, які кажа пра неабходнасць адукацыі і выхавання для абароны і ўмацавання міру паміж народамі і пры гэтым непакоіцца, што сучасны свет пра гэта часта забываецца і замест таго, каб выдаткоўваць грошы на адукацыйныя праекты, іх часта выдаткоўваюць на ўзбараенне, нунцый Ёзіч назваў такі падыход «вялікай памылкай».

«Страх перад вайсковай моцай ніколі не будзе дастатковым аргументам для забеспячэння трывалага міру. <…>

Уся гісторыя чалавецтва, поўная трагедый войнаў, сведчыць пра тое, што сапраўдная сіла — не ў зброі, а ў дыялогу, а сапраўдная мудрасць — не ў распальванні канфліктаў, а ў іх вырашэнні», — сцвердзіў пасланнік Святога Айца.

Зазначыўшы следам за Папам Францішкам асаблівае значэнне працы як незаменнага фактару будавання і захавання міру, Апостальскі Нунцый звярнуўся да прысутных у катэдры вернікаў і тых, хто да іх духоўна далучыўся з дапамогай прамой трансляцыі на партале Catholic.by, з важным пасланнем, адрасаваным усім жыхарам нашай краіны.

«Беларусы, як мала які народ у свеце, спазналі ўвесь цяжар і лютасць войнаў, якіх так шмат пракацілася па вашай дарагой зямлі. Ваш народны пясняр Васіль Быкаў выказаў гэта ў такіх моцных словах: „Няхай яна будзе тройчы і сотні разоў праклята, гэта вайна. <…> Калі мы зведалі яе ва ўсёй неразумнасці, лютасці, подласці, ахвярнасці, мы праклялі яе — кожную вольную або нявольную, усчатую і навязаную, — і няхай яна будзе праклята навек!“

У гэтых словах вялікага прарока зямлі беларускай гучыць гістарычная памяць вашага міралюбнага народа. Мы не маем права пра гэта забыцца: нездарма гэты год абвешчаны ў вашай краіне Годам гістарычнай памяці.

У сваім гімне вы спяваеце з самага пачатку, што вы, беларусы, — мірныя людзі. Няхай жа Беларусь будзе домам, дзе сапраўды жывуць сыны і дочкі супакою, якія разумеюць каштоўнасць міру, моляцца аб гэтым Божым дары і робяць усё, каб яго захаваць і ўмацоўваць у сучасным свеце», — сказаў прадстаўнік Святога Айца ў нашай краіне.

На заканчэнне гаміліі Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч заахвоціў вернікаў нястомна маліцца аб міры ў рэгіёне і ва ўсім свеце: «Папросім жа заступніцтва Маці Божай, Каралевы супакою, а таксама святых Цімафея і Ціта, апекуноў сённяшняга дня, каб Усемагутны Бог захаваў нас ад войнаў і адарыў трывалым мірам, заснаваным на братэрстве ўсёй чалавечай сям’і».

Абноўлена 27.01.2022 12:03
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця