7 студзеня ў кляштары айцоў кармэлітаў босых у Гудагаі адбылася аплаткавая сустрэча для манахаў з усіх супольнасцяў гэтага ордэна ў Беларусі.
У Гудагай прыбылі браты з кляштараў у Мядзелі, Нарачы і ў Мінску.
Рэгіянальны Настаяцель айцец Пётр Фраштэнга OCD пасля малітвы ва ўступным слове павіншаваў усіх прысутных з Божым Нараджэннем і Новым, 2022 годам, падзякаваў усім і кожнаму за працу і будаванне супольнасцяў.
Ён узгадаў пра радасныя моманты для Вікарыята ў мінулым годзе, якімі сталі развіццё пачуцця братэрства ў супольнасцях, дынамічнае развіццё душпастырскай апекі над вернікамі ў парафіях, працяг будаўніцтва.
Узгадаў таксама пра цяжкія і балючыя падзеі, якімі сталі адыход у вечнасць айца Бэрнарда Радзіка і айца Леанарда Цеханоўскага.
Настаяцель выказаў спадзяванне на тое, што гэтая страта прычыніцца да яшчэ больш інтэнсіўнай малітвы аб новых пакліканнях у супольнасць кармэлітаў босых у Беларусі.
Абмяняўшыся віншаваннямі і найлепшымі пажаданнямі, браты падзяліліся аплаткай на знак святочнай радасці і прымірэння.