Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
БЛАГАСЛАВІЦЕ СЫНОЎ І ДАЧОК БЕЛАРУСІ
Пастырскае пасланне на Сусветны дзень малітваў аб міры
1 студзеня 2022 года
Любыя браты і сёстры, дарагія суайчыннікі!
Віншую вас з Новым годам, 2022 годам ад Нараджэння Езуса Хрыста, нашага Збаўцы і Князя супакою.
Учора ўначы, перад Панам у Найсвяцейшым Сакрамэнце мы дзякавалі за ўсе ласкі, атрыманыя ад Бога ў мінулым, 2021 годзе. Дзякавалі і прасілі, а, просячы, пакрыёма пыталіся: чаму? Бо часта, бачачы цярпенні, боль, хваробы, смерць, мы кажам, што гэта пакаранне. І найчасцей вінавацім у гэтым калі не іншых, то Бога. Тым не менш, учора нашымі вуснамі загучаў гімн «Цябе, Божа, праслаўляем».
Вусны выканалі загад сэрца, веруючага сэрца. Так, як загадваў у свой час святы апостал Павел Тэсаланікійцам: «За ўсё дзякуйце, духа не гасіце» (пар. 1 Тэс 5, 18–19). А ўжо сёння 1 студзеня, на пачатку новага шляху, новага часу сустрэчы, мы заклікаем і просім дапамогі ў Духа Святога, бо ведаем ад таго ж апостала народаў святога Паўла, што без Яго дапамогі, без дапамогі Духа Святога, ніхто з нас не можа сказаць: «Панам ёсць Езус» (пар. 1 Кар 12). Таму клічам: прыйдзі, Духу Святы, навучы, як мы павінны жыць у Новым, 2022 годзе.
Мае дарагія! А як распачыналі новы год, новы шлях, нашыя бацькі? Ці памятаем? Яны пачыналі заўсёды з малітвы, з благаслаўлення. Бо сказаў Бог яшчэ Майсею, і аб гэтым мы пачулі ў першым чытанні, а кожнаму пакаленню паўтарае Маці Касцёл праз вусны святароў: благаславіце сыноў і дачок, кажучы ім:
«Няхай благаслаўляе цябе Пан і аберагае цябе! Няхай Пан распраменіць сваё аблічча над табою і адарыць цябе ласкай. Няхай Пан скіруе на цябе свой погляд і адорыць цябе мірам» (Ліч 6, 22–27).
Вельмі важна яшчэ раз паслухаць гэтыя словы благаслаўлення напачатку новага года, як зазначае папа Францішак: яны будуць суправаджаць нашу вандроўку, бо гэта словы сілы, мужнасці, надзеі. Не ілюзія надзеі, заснаваная на далікатных чалавечых абяцаннях; нават не наіўная надзея, якая ўяўляе будучыню лепшай проста таму, што гэта будучыня. Гэтая надзея тлумачыцца менавіта Божым благаслаўленнем: благаслаўленнем, якое змяшчае найвялікшае пажаданне, пажаданне Касцёла кожнаму з нас, поўнай апекі Пана, Яго прадбачлівай дапамогі.
Браты і сёстры!
Сёння, 1 студзеня, Касцёл традыцыйна адзначае Урачыстасць Святой Багародзіцы Марыі, а таксама Дзень малітвы аб міры ў свеце.
Маці Божая Марыя заўсёды прысутнічала ў сэрцы, у пабожнасці і перш за ўсё на шляху веры хрысціянскага народа. «Касцёл ідзе ў часе, але на гэтым шляху ён ідзе па маршруце, па якім ідзе Панна Марыя», зазначыць святы Ян Павел II у энцыкліцы Redemptoris Mater. Наша дарога веры такая ж, як і ў Марыі, таму мы адчуваем Яе асабліва блізкай да кожнага з нас! Наш шлях веры непарыўна звязаны з Марыяй, бо Езус, паміраючы на крыжы, даў Яе нам як Маці, кажучы: «Вось Маці Твая!» (Ян 19, 27).
Гэтыя словы маюць каштоўнасць запавету і даюць свету Маці. З гэтага моманту Маці Божая стала і нашай Маці! У той час, калі вера вучняў выпрабоўвалася, Езус даверыў іх Той, якая паверыла першай і чыя вера ніколі не згасла. А Яе параненае сэрца адчынена для ўсіх людзей, добрых і дрэнных — усіх, і Яна любіць нас, як палюбіў нас Езус. Маці Адкупіцеля апярэджвае нас і пастаянна умацоўвае нас у веры, пакліканні і місіі. Сваім прыкладам пакоры Божай волі Яна дапамагае нам ператварыць нашу веру ў радаснае і бязмежнае абвяшчэнне Евангелля. Такім чынам, наша місія будзе плённай, таму што яна пабудавана на ўзоры мацярынства Марыі. Ёй мы давяраем сёння наш шлях веры ў 2022 годзе, жаданні нашых сэрцаў, нашы патрэбы, патрэбы ўсяго свету, асабліва супакою і мірнага суіснавання.
Браты і сёстры, на сёлетні, 55-ы Сусветны дзень малітваў аб міры ў свеце, папа Францішак скіраваў пасланне, у якім падкрэслівае шляхі выхаду з той сітуацыі, у якой апынуўся сённяшні свет: гэта «дыялог пакаленняў, адукацыя, праца як інструменты для пабудовы трывалага міру».
У святле досведу пандэміі COVID-19 папа Францішак указвае на важнасць дыялогу паміж пакаленнямі. «Самотнасць пажылых людзей суправаджаецца пачуццём бездапаможнасці ў моладзі і адсутнасцю агульнай ідэі будучыні», — кажа Папа. Пантыфік адзначае, што, з аднаго боку, маладыя людзі маюць патрэбу ў экзістэнцыяльным, мудрым і духоўным вопыце пажылых людзей, а з другога — пажылым людзям патрэбна падтрымка, любоў, творчасць і дынамізм моладзі.
Папа Францішак звяртае ўвагу на тое, што адукацыя і выхаванне з’яўляюцца рухаючай сілай міру. Ён заклікае скараціць выдаткі на ўзбраенне і накіраваць гэтыя сродкі на ахову здароўя, адукацыю, інфраструктуру і клопат аб навакольным асяроддзі. Папа падкрэслівае, што адукацыя з’яўляецца асноўнай крыніцай цэласнага чалавечага развіцця, робіць чалавека больш свабодным і адказным, а таксама неабходна для абароны і прасоўвання міру.
Напрыканцы паслання Святы Айцец падкрэслівае, што праца з’яўляецца незаменным фактарам пабудовы і захавання міру. Праца — гэта аснова, на якой можна пабудаваць справядлівасць і салідарнасць у кожным грамадстве. Таму Пантыфік заклікае:
«Мы павінны аб’яднаць нашыя ідэі і намаганні, каб стварыць умовы і знайсці рашэнні, дзякуючы якім кожны чалавек працаздольнага ўзросту будзе мець магчымасць праз сваю працу зрабіць свой унёсак у жыццё сям’і і грамадства».
Умілаваныя! Следам за Святым Айцом папам Францішкам дзякую ўсім, хто ў цяжкі перыяд пандэміі спрабуе забяспечыць адукацыю, бяспеку і павагу да правоў, аказваць медыцынскую дапамогу, спрыяць сустрэчам паміж членамі сям’і і хворымі, аказваць эканамічную падтрымку тым, хто мае патрэбу або тым, хто страціў працу.
Адначасова заахвочваю ўсіх людзей добрай волі да малітвы аб адрасатах закліку Пантыфіка з сёлетняга паслання: «маліцца за тых, хто мае ўладу, і за тых, хто адказвае за палітыку і сацыяльныя справы, за пастыраў і кіраўнікоў касцёльных супольнасцяў, а таксама за ўсіх мужчын і жанчын добрай волі, каб ісці разам па гэтых трох шляхах: дыялог паміж пакаленнямі, адукацыя і праца». І таму так, як Святы Айцец, таксама прашу: «няхай будзе ўсё больш людзей, якія без шуму, пакорліва і настойліва, дзень пры дні становяцца будаўнікамі міру».
Божа, благаславі Беларусь! Святая Багародзіца Марыя, апякуйся намі! Святы Міхале Арханёле, абараняй нас, каб мы маглі стаць будаўнікамі трывалага супакою і еднасці ў нашым грамадстве.
Браты і сёстры! Прашу вас: благаславіце сыноў і дачок Беларусі!
З пастырскім благаслаўленнем і малітвай аб міры
Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
P.S. Гэтае пасланне належыць прачытаць вернікам 1 студзеня 2022 года.