Пошук

03.06.2025 17:32   Паводле: belta.by / Catholic.by

3 чэрвеня ў будынку Нацыянальнай бібліятэкі ў Мінску адбылася сустрэча Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей пры Савеце Міністраў Беларусі Аляксандра Румака з кіраўнікамі асноўных рэлігійных канфесій, падчас якой былі вызначаны афіцыйныя духоўныя цэнтры кожнай канфесіі, якія маюць стаць цэнтрамі духоўнага прыцягнення людзей. Прадстаўніком Касцёла выступіў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі.

Духоўныя цэнтры прапанаваў стварыць у краіне Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 10 лютага на сустрэчы з прадстаўнікамі рэлігійных канфесій. Нагадаем, што ў гэтай сустрэчы прыняў удзел арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які, звяртаючыся да кіраўніка дзяржавы, сказаў: «Ад імя ўсіх вернікаў Каталіцкага Касцёла хачу падзякаваць Вам, шаноўны Аляксандр Рыгоравіч, за дапамогу ў аднаўленні святыні пасля пажару — Будслаўскі касцёл ведаюць ва ўсім свеце. Гэта святыня з'яўляецца духоўнай жамчужынай для кожнага католіка Беларусі. А з сённяшняга дня — і цэнтрам каталіцызму ў Беларусі».

Размову ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прысвяцілі стварэнню і развіццю такіх духоўных цэнтраў.

Па словах Аляксандра Румака, духоўныя цэнтры стануць месцам прыцягнення не толькі для прадстаўнікоў той ці іншай канфесіі, бо туды «прыязджаюць і людзі веруючыя, і людзі няверуючыя, каб далучыцца да духоўных святыняў, якія ўнеслі вельмі вялікі ўклад у гістарычнае развіццё нашага народа, фарміраванне беларусаў як этнасу»Канкрэтызуючы, ён растлумачыў, што размова ідзе аб існуючых культавых аб'ектах. У прыватнасці, гэта касцёл у Будславе, дзе знаходзіцца Будслаўскі абраз Божай Маці, які каранаваны папскімі каронамі, і дзе штогод збіраюцца пілігрымы з усёй краіны.

Падчас сустрэчы Мітрапаліт Станеўскі чарговы раз пацвердзіў, што такім афіцыйным духоўным цэнтрам каталіцызму ў Беларусі будзе Нацыянальны санктуарый Маці Божай у Будславе.

Кіраўнікам асноўных рэлігійных канфесій прадэманстравалі святыя кнігі, якія захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, у тым ліку Біблію Францішка Скарыны.

Абноўлена 03.06.2025 17:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця