Пошук

11.02.2025 18:34   Паводле: catholicminsk.by / Catholic.by

10 лютага Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі рэлігійных канфесій.

Вітаючы ўдзельнікаў мерапрыемства, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэта сустрэча за круглым сталом спрыяе адкрытасці і даверу.

“Нам вельмі пашанцавала, што ў сваёй найноўшай гісторыі беларуская зямля не ведала рознагалоссяў, пераследу па рэлігійнай, нацыянальнай, расавай прыкмеце. Усе канфесіі жывуць тут у атмасферы ўзаемнай павагі, міру і згоды”, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў гэтым годзе адзначаецца 80-годдзе Вялікай Перамогі. У час вайны беларускую зямлю абаранялі прадстаўнікі розных веравызнанняў. “Мы разам перамаглі фашызм, здабылі мір, змацаваны крывёй многіх народаў. І вельмі гэты мір шануем”, – заявіў беларускі лідэр.

“Цяжка пераацаніць плён вашага служэння на ніве ўмацавання традыцыйных каштоўнасцей (…) І ў далейшай сумеснай рабоце мы будзем абапірацца на сямейныя, духоўныя каштоўнасці і разам выхоўваць дзяцей, – падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. – Любоў да Радзімы пачынаецца з дзіцяці: з любові да сям’і, свайго дома, свайго горада, храма”.

На мерапрыемстве выступіў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рымска-Каталіцкага Касцёла ў Рэспубліцы Беларусь, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Ён расказаў аб дзейнасці Рымска-Каталіцкага Касцёла ў Рэспубліцы Беларусь і аб аднаўленні пасля пажару Будслаўскага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

“Ад імя ўсіх вернікаў Каталіцкага Касцёла хачу падзякаваць Вам, паважаны Аляксандр Рыгоравіч, за дапамогу ў аднаўленні святыні пасля пажару – Будслаўскі касцёл ведаюць ва ўсім свеце. Гэтая святыня з’яўляецца духоўнай жамчужынай для кожнага католіка Беларусі. А з сённяшняга дня – і цэнтрам каталіцызму ў Беларусі”, – сказаў Мітрапаліт Станеўскі.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Будслаўскі касцёл – гэта сапраўдная святыня.

“Дыялог, разнастайнасць, тое, што наводзіць масты – гэта ідэі Папы Рымскага Францішка. Я вельмі паважаю Папу Рымскага, прашу перадайце яму самыя добрыя пажаданні, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка. – Гэта сапраўды моцны чалавек. Чалавек, які не проста жыве і служыць. Ён умее казаць прама ў вочы тое, што думае, для прадстаўнікоў усіх пластоў насельніцтва”.

“Нашы ідэі і погляды не разыходзяцца, мы ведаем – і ён гэта ведае, і я ведаю, мы аб гэтым гаварылі, – звярнуў увагу Прэзідэнт. – Таму перадайце яму самыя добрыя і цёплыя пажаданні”.

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў: “Думаю, што прыйдзе час, і мы абавязкова сустрэнемся з Папам Рымскім”.

Абноўлена 11.02.2025 18:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа