Пошук

30.11.2021 11:49   Тэкст: айцец Ануфрый Альховік OSPPE / Фота: з архіву парафіі ў Карэлічах / Catholic.by

Урачыстая інтранізацыя абраза святой Ружы Лімскай адбылася 27 лістапада ў касцёле Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Карэлічах (Гродзенская дыяцэзія).

У гэтым мястэчку на Навагрудчыне нясуць служэнне святары з манаскага Ордэна святога Паўла, першага пустэльніка, якіх скарочана называюць «паўлінамі» ад лацінскай формы імя Павел.

Па іх запрашэнні цэлебрацыю святой Імшы з нагоды інтранізацыі абраза ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Гэта ўжо другі на працягу месяца візіт іерарха ў карэліцкі касцёл, куды двума тыднямі раней з яго ўдзелам былі ўрачыста ўнесены рэліквіі благаслаўлёных сясцёр назарэтанак, мучаніц Другой сусветнай вайны з Навагрудка.

Разам з біскупам Эўхарыстыю цэлебравалі карэліцкія душпастыры і святары з суседніх парафій. Памаліцца праз заступніцтва паўднёваамерыканскай святой прыбылі шматлікія госці, сярод якіх было нямала кансэкраваных асоб: сёстры дамініканкі, уршулянкі, францішканкі ад церпячых і брат з супольнасці баніфратраў. Да сабраных у касцёле дзякуючы прамой трансляцыі на «Радыё Марыя» духоўна далучыліся вернікі з іншых мясцінаў.

Падчас цырымоніі інтранізацыі біскуп Касабуцкі благаславіў абраз святой Ружы, напісаны мастаком з Бярозаўкі Міхалам Савашынскім.

У прамоўленай гаміліі іерарх распавёў пра жыццё і дзейнасць святой Ружы Лімскай.

Святая Ружа Лімская была першай святой амерыканскага кантынента. Пражыла яна ўсяго 31 год (1586–1617 гг.). Нарадзілася ў Перу і падчас хросту атрымала імя Ізабэла, аднак з-за далікатнай скуры многія называлі яе Ружай.

Дзяўчына адмовілася ад прапановы выйсці замуж і рана пачала працаваць, займаючыся продажам кветак і шыццём. Ва ўзросце 20-і гадоў уступіла ў Трэці ордэн дамініканак. Шмат часу яна праводзіла ў малітве і посце, аказвала дапамогу бедным і хворым, асабліва індзейцам і нявольнікам. Ёй было дадзена зараней ведаць дзень сваёй смерці. Да шэрагу святых была далучана ў 1671 годзе.

Святая дамініканка з Лімы з’яўляецца апякункай садаводаў, кветкаводаў і дапамагае ў сем’ях, якія перажываюць крызісы.

У нашай краіне святая Ружа малавядомая. Чаму ж яе абраз вырашылі змясціць у карэліцкім касцёле?

На гэта ёсць некалькі прычын. Адна з іх — блізкасць харызмы ордэна, да якога належаць карэліцкія душпастыры, да харызмы святой Ружы. Па прыкладзе святой Кацярыны Сіенскай, яна вяла аскетычнае жыццё. Удзень працавала, а ўвечары да позняй гадзіны праводзіла час у самотнасці на малітве ў сваёй пустэльні.

Карэліцкія парафіяне з радасцю падтрымалі ініцыятыву свайго пробашча айца Юрыя Саковіча OSPРЕ, каб адзін з бакавых алтароў святыны прысвяціць святой Ружы.

У мястэчку жыве шмат кветкаводаў, якія хацелі б мець сваю нябесную апякунку, і гэта яшчэ адна з прычын з’яўлення абраза ў Карэлічах. Нарэшце, варта таксама зазначыць, што да святой Ружы звяртаюцца з просьбай аб прымірэнні ў сем’ях, а гэта актуальна паўсюль і ва ўсе часы.

 

Успамін святой Ружы Лімскай у Каталіцкім Касцёле адзначаецца 23 жніўня.

Вернікі, якія маюць ахвоту прыехаць у Карэлічы ў пілігрымцы да святой Ружы Лімскай, могуць звяртацца да айцоў паўлінаў па тэлефонах:

+375 (29) 282 86 76
+375 (25) 782 23 13

Абноўлена 30.11.2021 11:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа