Пошук

16.11.2021 14:48   Тэкст: а. Ануфрый Альховік OSPPE / Фота: з архіву парафіі ў Карэлічах / Catholic.by

13 лістапада ў Карэлічах (Гродзенская дыяцэзія) у мясцовы касцёл Маці Божай Нястомнай Дапамогі былі ўрачыста ўнесены рэліквіі благаслаўлёнай сястры Марыі Стэлы і дзесяці яе паплечніц назарэтанак — мучаніц, якія загінулі ад рук гітлераўцаў.

Ва ўрачыстасці ўзялі ўдзел сёстры з Кангрэгацыі Найсвяцешай Сям’і з Назарэта на чале з правінцыйнай настаяцельніцай сястрой Філатэяй. Урачыстасць узначаліў біскуп Юрый Касабуцкі, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, нядаўна абраны Генеральным сакратаром Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

Святочную радасць з мясцовымі парафіянамі і іх духоўнымі пастырамі з Ордэна святога Паўла, першага пустэльніка, падзялілі шматлікія госці з розных мясцін.

Сёстры назарэтанкі, якія працягваюць на беларускай зямлі высакародную справу благаслаўлёных Марыі Стэлы і паплечніц, перадалі карэліцкай парафіі і яе пробашчу айцу Юрыю Саковічу OSPPE святыя рэліквіі, расказалі пра жыццё і пакутніцкі шлях благаслаўлёных сясцёр мучаніц, якія 1 жніўня 1943 года былі расстраляныя ў Батароўскім лесе каля Навагрудка.

Назарэтанкі ахвяравалі сваё жыццё за 120 чалавек, арыштаваных і асуджаных на смерць, сярод якіх быў святар і бацькі сем’яў.

Рэліквіі благаслаўлёных сясцёр назарэтанак спачываюць у саркафагу ў капліцы навагрудскага фарнага касцёла Перамянення Пана, які быў абвешчаны санктуарыем мучаніц.

Цяпер частку гэтых рэліквій можна будзе ўшанаваць таксама ў касцёле ў Карэлічах.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця