У нядзелю 10 кастрычніка ўрачыстай святой Імшой у фарным касцёле Перамянення Пана ў Навагрудку адзначылі 400-годдзе гістарычнай бітвы пад Хоцінам, якая мела вялізнае значэнне як для народаў Рэчы Паспалітай, так і ўсёй Еўропы.
Перад святой Імшой да прысутных гасцей і вернікаў па запрашэнні рэктара фарнага касцёла ў Навагрудку ксяндза Яна Балтрукевіча звярнуўся беларускі археолаг, гісторык-медыевіст, доктар гістарычных навук Аляксандр Краўцэвіч, які распавёў пра значнасць падзеі, што адбылася 9 кастрычніка 1621 года.
У гонар бітвы пад Хоцінам у навагрудскім касцёле ўсталявана памятная пліта-кенатаф, якая, па меркаванні навукоўца, з’яўляецца не толькі ўнікальным помнікам мастацтва барока, але таксама сведчаннем супольнага гістарычнага лёсу беларусаў з палякамі, літоўцамі і ўкраінцамі.
Гэта высечаны ў камені напамін агульнай гісторыі народаў з памежжа еўрапейскай цывілізацыі, якія баранілі Еўропу ад азіяцкіх заваёўнікаў з усходу.
Паводле прафесара Краўцэвіча, дасягнутае ў выніку бітвы пад Хоцінам перамір’е, а фактычна перамога на Асманскай Турцыяй з’яўляецца не толькі лакальнай падзеяй, але агульнадзяржаўнай, нават міжнароднай справай, якую варта памятаць і ўзгадваць.
Пра мудрасць, што неаддзельная ад памяці пра з’ўленыя ў гісторыі вялікія Божыя справы, казаў у сваім пастырскім слове да прысутных гасцей і вернікаў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, які разам з прысутнымі святарамі цэлебраваў святую Імшу ў старадаўняй навагрудскай святыні.
«Нашыя продкі захавалі і абаранілі веру, якую перадавалі з пакалення ў пакаленне, і нашае заданне таксама захаваць і перадаць яе нашчадкам», — падкрэсліў іерарх. Ён дадаў, што неабходна паклапаціцца, каб разам з вераю перадаць маладым пакаленням гістарычную памяць пра вялікія падзеі з мінулага, якую захоўваюць сцены фарнага касцёла ў Навагрудку, літаральна «прасякнутыя» гісторыяй.
«Я ўдзячны ўсім тым, хто прычыніўся да стварэння кнігі, прысвечанай 400-годдзю Хоцінскай бітвы, якая раскрывае гэтую старонку нашай гісторыі, а таксама распавядзе пра тое, што знаходзіцца тут, у гэтай святыні», — адзначыў біскуп Касабуцкі.
«Разважаючы над гэтай гістарычнай падзеяй, мы дзякуем Пану Богу за перамогу, якую Бог даў 400 гадоў таму, але мы глядзім на гэтую падзею таксама праз прызму веры. Бог, адкрываючы праўду ў Святым Пісанні, гаворыць нам сёння пра пэўную іерархію каштоўнасцяў; пра прыярытэты, якія мы павінны ў сваім жыцці адпаведным чынам расставіць.
<…> Хрыстус сёння кажа, што найважнейшым з’яўляецца Валадарства Божае, якое належыць здабываць нават коштам усяго, што маеш. Бо Валадарства Божае — гэта тое, дзеля чаго Бог стварыў чалавека. Каб мы ўвайшлі ў гэтае Валадарства і былі ў ім шчаслівыя, каб так сталася тут на зямлі, мы павінны мець мудрасць і выбіраць тое, што сапраўды каштоўнае. Але ёсць і іншыя каштоўнасці, якія робяць нас лепшымі, дабрэйшымі.
Заўсёды нам на дапамогу прыходзіць Хрыстус. Ён з’яўляецца для нас тою сілай, якая дае нам мудрасць. Мудрасць у праўдзівым выбары сапраўдных каштоўнасцяў, якія ніколі не могуць быць знішчаны, і якія ў нас ніколі ніхто не адбярэ», — сцвердзіў біскуп.
Ён заўважыў, што гісторыя і памяць пра мінулыя падзеі таксама робіць нас мудрэйшымі, вучыць не паўтараць памылак, зробленых раней.
«Калі мы будзем прасіць у сваёй малітве гэтай мудрасці, яна абавязкова будзе нам дадзена», — падкрэсліў на заканчэнне гаміліі біскуп Касабуцкі.