Старшыня камісіі па каардынацыі працы Сіноду Біскупаў на ўзроўні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB запрашае пазнаёміцца з перакладам Вадэмэкума — інфармацыйнага дапаможніка па працы Сіноду, які распачнецца ў кастрычніку, і актыўна да яе далучацца.
У кастрычніку гэтага года Папа Францішак дасць старт трохгадоваму сінадальнаму працэсу, які распачнецца ў партыкулярных Касцёлах і завершыцца ў Ватыкане. Ён будзе складацца з трох этапаў: дыяцэзіяльнага, кантынентальнага і паўсюднага. XVI Звычайная Генеральная Асамблея Сіноду Біскупаў адбудзецца ў кастрычніку 2023 года ў Ватыкане на тэму «На карысць Касцёла сінадальнага: камунія, удзел і місія». Сінадальны працэс будзе ўрачыста распачаты ў Ватыкане 9–10 кастрычніка гэтага года ў прысутнасці Святога Айца: пасля адмысловых сустрэч і разважанняў адбудзецца малітва і Эўхарыстычная цэлебрацыя.
17 кастрычніка дыяцэзіяльны этап Сіноду распачнуць партыкулярныя Касцёлы пад кіраўніцтвам сваіх біскупаў. Гэты дыяцэзіяльны этап будзе працягвацца да красавіка 2022 года.
Яго мэтай стануць кансультацыі, дзякуючы якім у сінадальным працэсе будзе выслуханы голас усіх ахрышчаных. Каб аблегчыць гэты працэс, Сакратарыят Сіноду Біскупаў падрыхтаваў для дыяцэзій падрыхтоўчы дакумент, Вадэмэкум і анкету.
Прадстаўляем біскупам, святарам, кансэкраваным асобам і ўсім ахрышчаным неафіцыйны пераклад з англійскай мовы на беларускую Вадэмэкума з мэтай лепшага ўсведамлення таго, якая роля і заданні кожнага з нас у працы Сіноду біскупаў на дыяцэзіальным этапе, а таксама і спосаб яго правядзення з метадалагічнага пункту гледжання
Дзякую Анастасіі Драгун за зроблены неафіцыйны пераклад, а ўсіх членаў супольнасці Касцёла ў Беларусі заахвочваю да знаёмства з гэтым дапаможным дакументам з мэтай актыўнага ўдзелу ў Сінодзе біскупаў на дыяцэзіальным узроўні.
З павагай,
✠ Аляксандр Яшэўскі SDB
Старшыня камісіі па каардынацыі працы Сіноду Біскупаў на ўзроўні ККББ