Пошук

25.05.2021 17:23   Паводле: Vatican News
Ілюстрацыйнае фота: L’Osservatore Romano

У кастрычніку Папа Францішак дасць старт трохгадоваму сінадальнаму працэсу, які распачнецца ў партыкулярных Касцёлах і завершыцца ў Ватыкане. Ён будзе складацца з трох этапаў: дыяцэзіяльнага, кантынентальнага і паўсюднага.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, 21 мая была абнародавана праграма правядзення чарговай, XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сіноду Біскупаў, якая пройдзе ў кастрычніку 2023 г. у Ватыкане на тэму «На карысць Касцёла сінадальнага: камунія, удзел і місія». Папа зацвердзіў гэты дакумент падчас аўдыенцыі для Генеральнага сакратара Сіноду Біскупаў кардынала Марыё Грэка.

У праграме падкрэслівацца, што «цэласны сінадальны працэс будзе рэалізаваны па-сапраўднаму толькі ў тым выпадку, калі ў яго будуць уключаны мясцовыя Касцёлы» праз такія «органы сінадальнасці», як Сіноды Усходніх Каталіцкіх Цэркваў, Рады і Асамблеі Касцёлаў sui iuris, Канферэнцыі Біскупаў на ўзроўні краін, рэгіёнаў і кантынентаў.

Упершыню ў гісторыі Сінод будзе адбывацца «дэцэнтралізаваным» чынам.

Яшчэ ў 2015 г., адзначаючы 50-годдзе заснавання Сіноду Біскупаў, Папа Францішак выказваў жаданне сумеснага шляху «свецкіх вернікаў, пастыраў і Біскупа Рыма».

Сінадальны працэс будзе ўрачыста распачаты ў Ватыкане 9–10 кастрычніка ў прысутнасці Святога Айца: пасля адмысловых сустрэч і разважання пройдзе малітва і Эўхарыстычная цэлебрацыя. 17 кастрычніка дыяцэзіяльны этап Сіноду распачнуць партыкулярныя Касцёлы пад кіраўніцтвам сваіх біскупаў.

Мэтай першапачатковага этапу будзе апытанне Божага народа, таму Генеральны сакратарыят Сіноду скіруе падрыхтоўчы дакумент з анкетай і дапаможнікам па правядзенні апытання ў кожнай дыяцэзіі. Гэты дакумент будзе скіраваны таксама ў структуры Рымскай Курыі, аб’яднанні вышэйшых настаяцелей манаскіх супольнасцяў, міжнародныя свецкія рухі, універсітэты і тэалагічныя факультэты.

Да кастрычніка кожны дыяцэзіяльны біскуп павінен прызначыць у сваім партыкулярным Касцёле адказную асобу ў якасці каардынатара і сувязнога з епіскапатам, які, у сваю чаргу, павінен прызначыць адказную асобу і групу супрацоўнікаў для кантакту з Генеральным сакратарыятам Сіноду.

Кульмінацыяй дыяцэзіяльнага працэсу стане Перадсінадальная нарада, вынікі якой павінны быць перададзены ў мясцовую Канферэнцыю Біскупаў.

Потым члены епіскапату павінны разам абагульніць гэтыя напрацоўкі і да красавіка 2022 г. перадаць іх у Генеральны сакратарыят. Пасля атрымання ўсіх матэрыялаў у Ватыкане будзе складзены першы Instrumentum laboris, які будзе абнародаваны ў верасні 2022 г. і разасланы ў мясцовыя Касцёлы.

Пасля гэтага распачнецца кантынентальны этап сінадальнага працэсу. Ён будзе праходзіць з верасня 2022 г. па сакавік 2023 г. на ўзроўні кантынентальных аб’яднанняў біскупаў. Мэта гэтага этапу — абмеркаванне Instrumentum laboris. Па выніках працы будзе складзены выніковы дакумент. Ён будзе скіраваны ў Генеральны сакратарыят, які пачне распрацоўку другога Instrumentum laboris. Абнародаванне гэтага дакумента запланавана на чэрвень 2023 г.

Сінадальны працэс завершыцца паўсюдным этапам у кастрычніку 2023 г., калі ў Ватыкане збярэцца Генеральная Асамблея Сіноду Біскупаў згодна з правіламі, якія былі ўстаноўлены Папам Францішкам у Апостальскай канстытуцыі Episcopalis Communio.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.