Пошук

03.09.2021 22:36   Тэкст і фота: Аляксандра Шчыглінская / Catholic.by

4 верасня адзначаецца літургічны ўспамін благаслаўлёнай сястры Марыі Стэлы і паплечніц — адзінаццаці назарэтанак з Навагрудка, мучаніц Другой сусветнай вайны.

З гэтай нагоды сёстры з Кангрэгацыі Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта запрашаюць бліжэй пазнаёміцца з гісторыяй свайго ордэна і благаслаўлёнымі мучаніцамі дзякуючы адмысловаму календару на 2022 год. У ім ёсць апісанне каталіцкіх традыцый, абразы з беларускіх святыняў, малітвы і літаніі да Святой Сям’і і нават назарэтанскія рэцэпты.

«Вы — найкаштоўнейшая спадчына Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта, сясцёр назарэтанак. Вы — спадчына ўсяго Касцёла», — такія словы сказаў святы Ян Павел ІІ падчас беатыфікацыі назарэтанскіх мучаніц у Рыме 5 сакавіка 2000 года.

1 жніўня 1943 года духоўныя дочкі благаслаўлёнай Францішкі Сядліскай уласнай крывёй «напісалі» мучаніцкую старонку ў гісторыі Кангрэгацыі. Яны ахвяравалі сваё жыццё за сем’і і святара Аляксандра Зянкевіча і былі расстраляныя гітлераўцамі ў лесе пад Навагрудкам.

Сёстры аддалі сваё жыццё за людзей, побач з якімі жылі і працавалі, за якіх і разам з якімі маліліся. Благаслаўлёныя і мужныя заступніцы перад Богам з аднаго боку, а з другога — звычайныя ахвярныя сёстры, якія з вялікай любоўю выконвалі свае простыя штодзённыя абавязкі.

Многія з іх былі родам з беларускай зямлі.

Напрыклад, сястра Стэла, самая старэйшая ў тагачаснай супольнасці, паходзіла з Клецка. Самая ж малодшая, сястра Барамэя, была ахрышчана 17 студзеня 1917 года ў парафіі святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне. А гады дзяцінства сястры Канізіі праходзілі на Магілёўшчыне. Таксама і Слуга Божы ксёндз Аляксандр Зянкевіч, за якога сёстры ахвяравалі сваё жыццё, паходзіў з Дунілавічаў, што на Віцебшчыне.

Менавіта з гэтымі памятнымі для іх мясцінамі сёстры назарэтанкі запрашаюсь сёння пазнаёміцца бліжэй.

Віртуальнае падарожжа па «назарэтанскіх» святынях Беларусі праз творы сакральнага мастацтва

Гартаючы старонкі календара, можна даведацца не толькі цікавую інфармацыю пра назарэтанак, але і замілавацца беларускімі абразамі з іх родных парафій.

Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч ва ўступным слове да выдання адзначыў:

«Я хацеў бы звярнуць вашу ўвагу на асаблівую рысу гэтага календара — ілюстрацыі, на якіх прадстаўлены творы сакральнага мастацтва, што знаходзяцца ў розных касцёлах Беларусі.

Да таго ж, выбар ілюстрацыйных матэрыялаў невыпадковы. Аўтары пастараліся змясціць выявы абразоў менавіта з тых святыняў, якія звязаныя са служэннем сясцёр назарэтанак у Беларусі.

Гэтую задуму я ўспрымаю як кранальную ўдзячнасць, якую сёстры назарэтанкі з беларускай супольнасці выказваюць сваім малым радзімам і самым блізкім сэрцу, самым дарагім — бо знаёмыя ім з дзяцінства — касцёлам, у цішыні якіх, без сумневаў, нарадзілася і саспела не адно пакліканне да кансэкраванага жыцця», — адзначыў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне.

Маліцца назарэтанскімі малітвамі можа кожны

У календары змешчаныя і асноўныя назарэтанскія малітвы, якімі зможа памаліцца кожны: літанія на Святой Сям’і і літанія да благаслаўлёнай Марыі Стэлы і дзесяці яе палечніц — мучаіц з Навагрудка. Разам з гісторыяй манаскага ордэну і аповедам пра благаслаўлёных мучаніц гэтыя малітвы складаюць невялічкі буклет, які можна выразаць і пакласці ў кішэню ці малітоўнік, каб заўсёды мець з сабой.

Праз гэтыя літаніі можна духоўна яднацца са штодзённай малітвай сясцёр назарэнак у інтэнцыі ўсіх сем’яў, каб яны былі напоўненыя сапраўднай Божай любоўю і мелі сілы жыць на ўзор Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта.

Калі вы хочаце папрасіць аб асаблівай малітве — у канцы календара ёсць «малітоўная скрынка»: адрасы кляштараў сясцёр, на якія можна дасылаць свае малітоўныя інтэнцыі. Кожная дасланая малітоўная інтэнцыя будзе ўключаная ў малітоўную сетку сяцёр назарэтанак.

Што яшчэ цікавага?

Таксама ў каледнары можна знайсці апісанне многіх каталіцкіх традыцый; Евангелле, якое чытаецца кожны дзень падчас святой Імшы; праваслаўныя і дяржаўныя святы. На апошняй старонцы чакае сюрпрыз для гаспадыняў: адмысловыя кулінарныя рэцэпты ад сясцёр назарэтанак. Памер абразоў у календары таксама невыпадковы: 20 на 25 см, што дазволіць змясціць іх у рамку і зберагчы ў сваім доме яшчэ доўгі час пасля заканчэння 2022 года.

Але самае важнае ў гэтым календары, напэўна, не шматлікія цікавосткі і інфармацыя, і нават не прыгажосць паліграфічнага выканання.

Гэта тое, што сёстры назарэтанкі, якія захацелі сімвалічна «пагасціць» у многіх каталіцкіх дамах праз гэты каляндар, сапраўды будуць ахінаць сваёй малітвай кожнага чалавека і сям’ю.

Яны спадзяюцца на шчырую малітву за іх у адказ. А наша малітва, сапраўды, можа нашмат больш, чым можам мы.

Каляндар «Слядамі сясцёр назарэтанак па Беларусі» на 2022 год можна набыць у інтэрнэт-краме хрысціянскіх сувеніраў Dobry-pastyr.by.

Абноўлена 04.09.2021 10:50
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця