Сёстры Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта з’явіліся ў Навагрудку ў 1929 годзе па запрашэнні біскупа Зыгмунта Лазінскага, каб апекавацца касцёлам Перамянення Пана — так званай Белай Фарай — і каб прысвяціць сябе выхаванню і адукацыі дзяцей і моладзі.
Падчас Другой сусветнай вайны на чале супольнасці сясцёр у Навагрудку была сястра Марыя Стэла ад Найсвяцейшага Сакрамэнту (Адэля Мардасевіч), па адукацыі — настаўніца. Нягледзячы на забарону акупацыйных нямецкіх уладаў, сёстры працягвалі сваю дзейнасць і нават патаемна навучалі дзяцей.
Летам 1943 г. у выніку карнай аперацыі ў вязніцы апынулася 120 жыхароў горада, якія былі асуджаныя на расстрэл. Пад пагрозаю было і жыццё ксяндза Аляксандра Зянкевіча, адзінага на той час навагрудскага святара.
Сястра Марыя Стэла разам з іншымі сёстрамі так малілася ў тыя жахлівыя дні:
«Мой Божа, святар больш неабходны, чым мы, на гэтым свеце, дык молімся цяпер, каб Бог забраў лепей нас, чым ксяндза, калі ёсць патрэба ў новай ахвяры. Няхай лепш нас расстраляюць, а не тых, хто мае сем’і».1 жніўня 1943 года ў лесе паблізу Навагрудка 11 сясцёр з супольнасці Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта былі расстраляныя нацыстамі. Ахвяра сясцёр змяніла ход зямных падзеяў: выратавала і вязняў — усе перажылі вайну, — і ксяндза. Целы благаслаўлёных назарэтанак спачываюць у фарным касцёле Навагрудка, абвешчаным санктуарыем сясцёр мучаніц.