
«Вітай, Зорка мора, Маці Хрыста-Бога,
Панна Найчысцейша, верным дапамога…» (З песні «Вітай, Зорка мора…»)
Умілаваныя браты і сёстры!
На працягу ўсяго лета ў большасці мы — вернікі — удзельнічалі ў шматлікіх фэстах, пілігрымуючы да марыйных санктуарыяў, якія у нашай краіне існуюць у кожным рэгіёне. Зусім нядаўна адбыліся ўрачыстасці Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браславе, учора мы святкавалі фэст Маці Божай Бялыніцкай на Магілёўшчыне. І я ўпэўнены, што у нашай памяці ажываюць моманты нашай сумеснай малітвы ў Нацыянальным санктуарыі нашай Бацькаўшчыны ў Будславе, ля падножжа трону нашай Заступніцы і Каралевы. Такім чынам, вернікі дзякуючы Касцёлу і традыцыі не забываюць быць удзячнымі нашай любай Нябеснай Матулі на працягу ўсяго літургічнага года. Вось і верасень таксама багаты на святы, прысвечаныя Найсвяцейшай Панне і Багародзіцы. У гэтым юбілейным годзе так атрымалася, што на адным тыдні Касцёл святкуе Нараджэнне Найсвяцейшай Панны Марыі, якое адзначаецца сёння, 8 верасня, і ўспамін Найсвяцейшага Імя Марыі, які адзначаем 12 верасня. На наступным тыдні 15 верасня адзначаецца таксама ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі Балеснай.
Сёння ж мы адзначаем Нараджэнне Найсвяцейшай Панны Марыі. Праўда, Евангелле не падае звестак пра нараджэнне Марыі. Пра Яе ўпершыню згадвае святы Мацвей у радаводзе Езуса Хрыста і адразу згадвае пра Марыю як Маці Збаўцы, пра Яе таксама можна даведацца ў старажытных апокрыфах. У Касцёле нараджэнне Найсвяцейшай Панны Марыі — адно з найстарэйшых марыйных святаў. Ужо ў V стагоддзі, калі Эфескі сабор абвясціў дагмат аб Божым Мацярынстве Найсвяцейшай Панны Марыі, у Ерузалеме адзначалася асвячэнне базылікі на месцы нараджэння Маці Божай. Гэтае свята хутка распаўсюдзілася ў Візантыі і ў Рыме.
Мае дарагія! Калі ў сям’і нараджаецца дзіцятка, то бацькі і іх родныя вельмі радуюцца, бо ўскладаюць шмат надзей на яго. Менавіта з моманту нараджэння пачынаецца біяграфія кожнага з нас. Але, калі казаць пра Найсвяцейшую Панну Марыю, Яе біяграфія распачынаецца не ў дзень нараджэння і нават не ў момант зачацця. Яе біяграфія распачынаецца з замыслу Бога — Бога-Стварыцеля, Бога-Любові. Гэтую самую чыстую і самую верную сваю Дачку Бог выбраў яшчэ да стварэння свету, каб Яна прынесла незвычайнае святло і радасць, якое стала прадвесцем прыйсця ў гэты свет Езуса Хрыста — нашага Пана і Збаўцы.
Касцёл ласкава называе Марыю ранішняй Зоркай, якая абвяшчае хуткі ўзыход сонца, гэта значыць выкананне абяцання. Папа Ян Павел II зазначаў:
«Сапраўды, як гэтая зорка, «ранішняя зорка зранку» папярэднічае ўзыходу сонца, так і Марыя з моманту свайго Беззаганнага Зачацця папярэднічала прыйсцю Збаўцы ў гісторыі чалавечага роду»
(Ян Павел II, Redemptoris Mater, 3).
Браты і сёстры! Касцёл невыпадкова адарыў Марыю шматлікімі тытуламі. Яна — Святая Багародзіца, Маці ласкі Божай, Маці найцудоўнейшая, Сталіца мудрасці, Святыня Духа Святога, Каўчэг Запавету і Брама нябесная, Каралева анёлаў і Каралева ўсіх святых. Марыя — Маці Хрыста і Маці Касцёла. Вось чаму Касцёл, які святкуе нараджэнне святых на нябёсах, гэта значыць дзень іх смерці, робіць выключэнне для Марыі. Яе прыйсце у свет стала надзеяй і світаннем збаўлення для ўсяго свету. Ад Яе Сын Божы прыме чалавечую натуру, ад Яе ўзыдзе Сонца справядлівасці — Хрыстус, наш Збаўца. Нараджэнне Марыі наблізіла збаўленне свету. Таямніца нараджэння Марыі нясе радасную вестку пра тое, што ад Яе, якая «знайшла ласку ў Бога», народзіцца доўгачаканы Эмануэль — Збаўца свету (пар. Мц 1, 20-23).
Менавіта з Найсвяцейшай Панны Марыі, з Яе fiat — «так» волі Божай пачалася гісторыя Божага збаўлення. Марыя першай адгукнулася на Божы план, і Яе нараджэнне стала знакам надзеі і прадвеснікам новай эпохі для чалавецтва.
Нараджэнне Марыі — гэта першая падзея вялікай гісторыі збаўлення, момант, калі свет атрымаў надзею і магчымасць для аднаўлення. Марыя першай цалкам і безумоўна прыняла Божы заклік, які служыць прыкладам для ўсіх вернікаў.
Яна з’яўляецца Маці Божай ласкі, бо Яе нараджэнне прынесла радасць і ласку свету, адкрыўшы шлях да збаўлення. Марыя з’яўляецца сімвалам надзеі, таму Папа Францішак дадаў да Ларэтанскай літаніі новы заклік — «Маці надзеі».
У сучасным свеце, напоўненым хаосам, няпэўнасцю, а часта і страхам, усё больш людзей адкрываюць свае сэрцы на сустрэчу з Богам, каб не ўпасць у роспач і безнадзейнасць, каб не згубіць сэнс свайго жыцця. Таму сёння, у свята Нараджэння Панны Марыі, Касцёл паказвае на Багародзіцу, бо Яна заўсёды прывядзе нас да свайго Сына Езуса Хрыста: толькі Ён ацаляе, толькі Ён адорвае нас надзеяй у безнадзейнасці. Пра гэта гаварыў Святы Айцец Леў XIV, звяртаючыся да моладзі, падкрэсліўшы важнасць малітвы і будаванне супольнасці, братэрства ў штодзённым жыцці, у сем’ях, парафіях і ва ўсім свеце для таго, каб знайсці сапраўдны сэнс жыцця: «Колькі людзей пакутуе ад дэпрэсіі ці смутку, — кажа Пантыфік. — Ім трэба дапамагчы, каб яны адкрылі для сябе, што Божая любоў ацаляе, што яна прыносіць надзею і што, аб’ядноўваючыся як сябры, як браты і сёстры ў супольнасці, у парафіі, каб жыць разам сваёй верай, мы можам зразумець, што любоў Божая можа сапраўды аздаравіць нас, даць нам неабходную сілу, можа стаць крыніцай той надзеі, якая нам так патрэбна».
«Адкрыйце свае сэрцы Богу і Яго безумоўнай любові, якая даецца нам без аніякіх заслугаў»,
— заклікае Папа Леў XIV.
Бог шчодра дорыць сваю любоў, а ад нас чакае толькі таго, каб мы дзяліліся ёю з іншымі (…) У гэты юбілейны год хрысціянства, год надзеі, Хрыстус заклікае нас да адзінства, каб мы сталі «сапраўдным жывым прыкладам — святлом надзеі ў сучасным свеце. Калі шлях становіцца няпэўненым і цяжкім — узнімем вочы, паглядзім на Марыю — і зноў знойдзем надзею, якая не падвядзе», — заклікаў Святы Айцец, называючы Найсвяцейшую Панну Марыю іконаю надзеі для сваіх дзяцей.
Умілаваныя! Свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў нашай беларускай народнай традыцыі называецца святам Маці Божай Сеўнай. Гэта дзень, калі адбываецца благаслаўленне збожжа і іншага насення для сяўбы. Пасля гэтага свята ў даўніну нашыя продкі пачыналі восеньскую сяўбу збожжа. У хрысціянскай рэлігійнай сімволіцы зерне мае асабліва глыбокае значэнне, бо яно як бы ўказвае на цесную сувязь з Хлебам жыцця, г. зн. з Эўхарыстыяй — святой Гостыяй. Маці Божая дала таямнічы пачатак жыцця гэтаму зерню, якое з’яўляецца найбольш жыццядайным спажыткам. Такім чынам, сяўба благаслаўлёнага зерня становіцца святам надзеі на шчодры плён новага ўраджаю. Благаслаўляючы збожжа, мы прамаўляем вельмі прыгожую малітву, якая не толькі змяшчае ў сабе просьбу аб шчодрым ураджаі, але і заклікае нас імкнуцца да выканання волі Божай. Таму разам са святаром мы молімся: «Божа, Ты ўчыніў, што ўсялякае насенне, упаўшы ў зямлю, памірае, каб прынесці плён (…). Просім Цябе, благаславі гэтае зерне, захавай яго ад граду, паводкі, засухі і іншых шкодаў, а зямлю паі расою з неба, каб парасткі, якія з іх вырастуць, прынеслі шчодры плён. Учыні, каб мы, па прыкладзе Найсвяцейшай Панны Марыі (…), прыносілі сторазовы плён, заўсёды выконваючы Тваю волю».
Мае дарагія. Касцёл заахвочвае, каб кожнае свята Марыі мы імкнуліся перажываць як асаблівую магчымасць «сузіраць Аблічча Хрыста ў школе Марыі», разважаючы найвялікшую таямніцу прысутнасці і дзеяння жывога Бога сярод людзей. Менавіта ў Марыі, як часта паўтараў кардынал Казімір Свёнтэк,
Браты і сёстры. З пашанай і ўдзячнасцю адзначаючы нараджэнне Панны Марыі, будзем асабліва дзякаваць за Яе як за вялікі дар Божай Любові для чалавецтва, за Яе прыклад даверу, чысціні і поўнай адданасці Богу. Няхай Маці Божая, наша Заступніца, Апякунка і Каралева, не стамляючыся ад нашых памылак, вядзе нас бяспечнымі шляхамі нашай сучаснасці да шчаслівай радасці неба.
Дапамажы нам, Марыя, знайсці дарогу, што вядзе да Неба, да еднасці і братняга суіснавання сённяшняга дня ў міры і дастатку.
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі
Мінск, 8 верасня 2025 года






