У аўторак 31 жніўня ў касцёле Маці Божай Шкаплернай у Мядзелі адбылася пахавальная святая Імша і абрад развітання са спачылым пробашчам мядзельскай парафіі айцом Бэрнардам Радзікам, кармэлітам босым.
Днём раней са святаром, які адышоў у вечнасць 25 жніўня, развіталіся ў парафіі святога Андрэя, апостала, у Нарачы, дзе прайшла большая частка служэння памерлага святара.
У мядзельскім касцёле, пры якім ужо больш за 260 гадоў нясуць служэнне айцы кармэліты босыя, сабраліся вернікі і святары на чале з Апостальскім адміністратарам sede vacante Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупам Казімірам Велікасельцам, а таксама з дапаможнымі біскупамі Юрыем Касабуцкім і Аляксандрам Яшэўскім SDB. Напачатку ўсе прысутныя мелі магчымасць развітацца са спачылым айцом Бэрнардам пры адкрытай труне.
Цэлебрацыю пахавальнай святой Імшы ўзначаліў біскуп Велікаселец, гамілію прамовіў сабрат і паплечнік памерлага святара айцец Аркадзь Куляха OCD.
Кармэліт падзяліўся, якім чалавекам быў айцец Бэрнард, і нагадаў пр тое, што Бог здзейсніў праз дар яго манаскага і святарскага жыцця, без рэшты прысвечанага Богу і братам.
На заканчэнне святой Імшы біскуп Юрый Касабуцкі правёў абрад развітання, пасля чаго труну з целам спачылага айцы кармэліты босыя вынеслі са святыні, якая стала апошнім месцам зямнога служэння іх сабрата.
Пахаванне памерлага айца Бэрнарда Радзіка OCD адбудзецца ў пятніцу 3 верасня ў Польшчы. Месцам яго спачыну стане пахавальня айцоў кармэлітаў босых на Ракавіцкіх могілках у Кракаве.