Увечары 30 жніўня ў касцёле святога Андрэя, апостала, у Нарачы распачалося развітанне са спачылым айцом Бэрнардам Радзікам OCD, які шмат гадоў нёс служэнне пробашча ў нарачанскай парафіі.
Нарач нездарма стала першым пунктам у шэрагу жалобных мерапрыемстваў. Нягледзячы на тое, што айцец Бэрнард служыў у сямі розных парафіях у трох дыяцэзіях, а апошнім часам быў пробашчам парафіі Маці Божай Шкаплернай у Мядзелі, найбольш часу ён працаваў менавіта сярод нарачанцаў.
Развітацца з душпастырам, якога ведалі і любілі ўсе ў наваколлі, у касцёл прыйшлі сотні людзей; прычым не толькі католікі, але таксама праваслаўныя.
Труну з целам спачылага святара ўнеслі ў святыню яго сабраты з ордэна айцоў кармэлітаў босых. Каля партрэта айца Бэрнарда перад прэзбітэрыем хутка ўтварыўся мемарыял з прынесеных людзьмі жывых кветак і запаленых лампад. На першую святую Імшу за памерлага кармэліта сабралася ўсё духавенства Мядзельскага дэканату, прыбылі таксама святары, кансэкраваныя асобы і вернікі з іншых мясцін.
Узначаліў цэлебрацыю пробашч парафіі святога Мікалая, біскупа, у Свіры ксёндз канонік Багуслаў Маджэеўскі, дэкан Мядзельскі, які добра ведаў спачылага. У прамоўленай гаміліі святар запрасіў усіх прысутных падзякаваць Богу за дар жыцця айца Бэрнарда і ўзгадаў асноўныя рысы гэтага адданага пастыра, які меў час для кожнага чалавека.
«Мне заўсёды было цікава, у чым крыніца бязмежнай дабрыні айца Бэрнарда. Толькі нядаўна я знайшоў адказ.
Аказваецца, яго поўнае манаскае імя — Бэрнард ад Беззаганнага Сэрца Марыі. Менавіта з Сэрца Марыі, поўнага ласкі і любові да ўсіх людзей, ён чэрпаў сваю неабсяжную дабрыню», — падкрэсліў ксёндз Багуслаў.
«Айцец Бэрнард адышоў з гэтага свету ў вігілію свята Маці Божай [Чэнстахоўскай — рэд.]. Яна паклікала яго, бо, напэўна, ён ужо гатовы да таго, каб разам з Ёю сузіраць Бога ў Яго Валадарстве», — сказаў на заканчэнне гаміліі дэкан Мядзельскі.
Пасля Імшы людзі адзін за адным падыходзілі да адкрытай труны, каб развітацца са спачылым айцом Бэрнардам. У многіх у вачах стаялі слёзы смутку ад заўчаснага расстання.
Малітоўная вігілія ў нарачанскім касцёле працягвалася да поўначы. Раніцай 31 жніўня ў святыні адбылося развітальтнае набажэнства, пасля чаго труна з целам спачылага святара была перавезена ў Мядзел, дзе айцец Бэрнард у апошні час быў пробашчам.
Там у кармэліцкім касцёле Маці Божай Шкаплернай апоўдні распачалася пахавальная святая Імша з удзелам біскупаў.
У пятніцу цела айца Бэрнарда Радзіка OCD будзе пахавана на Ракавіцкіх могілках у Кракаве (Польшча), у пахавальні айцоў кармэлітаў босых.