Пошук

06.09.2021 11:42   а. Юрый Кулай OCD / Catholic.by

Пасля развітання з памерлым пробашчам мядзельскай парафіі Маці Божай Шкаплернай айцом Бэрнардам Радзікам OCD, якое праходзіла ў Нарачы і ў Мядзелі, труна з целам спачылага святара была перавезена ў польскі Кракаў, дзе 3 верасня адбылося пахаванне.

А 11-й гадзіне ў кракаўскім касцёле кармэлітаў босых на вуліцы Ракавіцкай адбылася святая Імша за спачылага, цэлебрацыю якой узначаліў айцец Гжэгаж Малец OCD, другі дарадчык Варшаўскай правінцыі Кармэлітаў Босых. З ім канцэлебравалі айцы з абедзвюх кармэліцкіх правінцый у Польшчы, з Рэгіянальнага вікарыяту ордэна ў Беларусі, дзе на працягу 30-і гадоў спачылы айцец Бэрнард жыў і працаваў, а таксама дыяцэзіяльныя святары, у тым ліку і дэкан Мядзельскі ксёндз канонік Багуслаў Маджэеўскі.

У гаміліі айцец Гжэгаж у малітоўнай форме ўзгадаў асобу айца Бэрнарда, кіруючы духоўны позірк на яго дзяцінства, маладосць, манаскае пакліканне, а таксама вернае і пакорнае служэнне парафіянам і супольнасцям, у якіх яму давялося жыць.

Прапаведнік узгадаў, што Бэрнард Радзік нарадзіўся і вырас у глыбока рэлігійнай сям’і, дзе прывівалася любоў і пашана да Бога і Касцёла, а таксама вялікая сардэчнасць і адкрытасць у адносінах да кожнага чалавека. У казанні было адзначана, што, рыхтуючыся да манаства і святарства, айцец Бэрнард марыў патрапіць на місіі ў Афрыку, аднак, паслухмяны волі настаяцеляў, рупліва служыў і працаваў як святар і кармэліт паўсюль, куды Бог пасылаў яго на беларускай зямлі.

Ён быў душпастырам і манахам не толькі ў касцёле, але таксама ў пілігрымках, на футбольным полі, падчас фізічнай працы, а праз сваю сардэчнасць, усмешку, пачуццё гумару і адкрытасць, як адзначыла адна парафіянка, стаў членам кожнай сям’і ў Нарачы: як каталіцкай, так і праваслаўнай. Айцец Бэрнард Радзік быў святаром прымірэння і надзеі; вучыў, што варта прабачаць, бо гэта вельмі важная справа.

На заканчэнне святой Імшы айцец Гжэгаж Малец зачытаў ліст айца Правінцыяла Яна Маліцкага OCD, які ў гэты час знаходзіўся ў Рыме на Генеральным капітуле Ордэна.

Айцец Сяргей Трысцень OCD, першы дарадчык Рэгіянальнага вікарыяту ў Беларусі, выказаў словы ўдзячнасці маці спачылага айца Бэрнарда за дар, які яна ахвяравала Ордэну ў асобе свайго сына.

Беларускі кармэліт узгадаў, што памерлы айцец Бэрнард быў тым братам, які вучыў манаскаму жыццю ўсіх маладых братоў-беларусаў, а будучы святаром і кармэлітам, ахвяраваў сябе да рэшты, служачы людзям у Беларусі, якая стала для яго другой радзімай.

Пасля Імшы айцец Сяргей узначаліў пахавальныя абрады на Ракавіцкіх могілках. Цела айца Бэрнарда было пахавана ў супольнай грабніцы кармэлітаў босых на Ракавіцкіх могілках.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.